Пракуратура вобласці прыняла ўдзел у рэгіянальнай канферэнцыі «Прафесійнае навучанне суддзяў і пракурораў: падыход Савета Еўропы»

Пракурор Віцебскай вобласці Дыска Г.І. і старшы пракурор аддзела кадраў і ідэалагічнай работы Лісоўская Т.Н. 28-29 красавіка 2016 г. у г. Мінску прынялі ўдзел у рэгіянальнай канферэнцыі «Прафесійнае навучанне суддзяў і пракурораў: падыход Савета Еўропы», арганізаванай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь сумесна з Генеральным дырэктаратам Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнстве права.

Канферэнцыя праведзена з удзелам Генеральнага дырэктара Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права Савета Еўропы Філіпа Буайя, Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Канюка А.В., Старшыні Вярхоўнага Суда Сукалы В.А., Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міцкевіча У.В., Старшыні Следчага камітэта Носкевіча І.Д., прадстаўнікоў генеральных пракуратур Грузіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Савета Еўропы, вучоных у галіне права, прадстаўнікоў пракуратур абласцей.

 

У ходзе канферэнцыі абмеркаваны новыя падыходы ў прафесійным навучанні суддзяў і пракурораў, роля спецыяльнай падрыхтоўкі ў пытаннях барацьбы з гвалтоўным экстрэмізмам і радыкалізацыяй, пытанні аб ацэнцы і дапушчальнасці доказаў у крымінальным працэсе. Удзельнікі таксама абмяняліся вопытам у галіне праграм прафесійнай падрыхтоўкі юрыстаў.

Мерапрыемства, што адбылося, будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню дзелавых сувязей паміж навуковымі і практычнымі супрацоўнікамі ў юрыдычнай сферы з мэтай удасканалення прафесійнага навучання суддзяў і пракурораў.