Пракуратура вобласці правяла праверкі выканання заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод
Улічваючы наяўнасць у Віцебскай вобласці вялікай колькасці водных аб'ектаў, нагляд за выкананнем заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод з'яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў пракурорскай дзейнасці.
У бягучым годзе органамі пракуратуры вобласці ва ўсіх рэгіёнах арганізаваны праверкі выканання дадзенага заканадаўства, а таксама заканадаўства аб пітным водазабеспячэнні, падчас якіх устаноўлены шматлікія недахопы, у тым ліку ў частцы аховы крыніц пітнога водазабеспячэння насельніцтва.
Так, не на ўсе крыніцы пітнога водазабеспячэння ва ўстаноўленым парадку распрацаваны і зацверджаны зоны санітарнай аховы. Нярэдка агароджа тэрыторыі першага пояса зон санітарнай аховы падземных крыніц пітнога водазабеспячэння знаходзіцца ў неналежным стане (часам наогул адсутнічае) альбо ўяўляе сабой канструкцыю, якая не выключае пранікненне на тэрыторыю крыніцы старонніх асоб і жывёл.
Не адзінкавыя факты свабоднага доступу да самой крыніцы пітнога водазабеспячэння, паколькі павільёны водазаборных свідравых студняў далёка не заўсёды зачынены на замок. Таксама не заўсёды дадзеныя павільёны ўтрымліваюцца ў чысціні (маюцца смецце, староннія прадметы). Не ва ўсіх выпадках межы першага пояса зон санітарнай аховы падземных крыніц пітнога водазабеспячэння пазначаны папераджальнымі наземнымі знакамі.
Прыведзеныя недахопы характэрны для большасці рэгіёнаў вобласці (Докшыцкі, Лёзненскі, Міёрскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі, Шумілінскі і іншыя раёны) і для падземных крыніц пітнога водазабеспячэння, якія належаць як ВУП «Віцебскаблводаканал», так і іншым арганізацыям. Такое становішча спраў не спрыяе ахове крыніц пітнога водазабеспячэння і падземных вод у цэлым ад забруджвання і засмечанасці і можа негатыўна адбіцца на якасці пітной вады, якая выкарыстоўваецца насельніцтвам.
Таксама па-ранейшаму праблемным з'яўляецца забеспячэнне выканання рэжыму гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб'ектаў.
Акрамя таго, што многія з аб'ектаў жывёлагадоўлі,
размешчаныя ў водаахоўных зонах вадаёмаў, не абсталяваны адпаведнымі прыладамі і збудаваннямі, што перашкаджаюць забруджванню водных рэсурсаў, сельскагаспадарчымі арганізацыямі не заўсёды своечасова і ў поўным аб'ёме ажыццяўляецца вываз арганікі з тэрыторый ферм і комплексаў, што цягне трапленне сцёкаў на бліжэйшую мясцовасць і стварае рэальную пагрозу забруджвання як зямлі, так і водных аб'ектаў.Такіх парушэнняў устаноўлена ў Верхнядзвінскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Аршанскім, Полацкім, Сенненскім і іншых раёнах.
Па выніках праверак кіраўнікам арганізацый і ў выканкамы накіравана больш за 30 прадстаўленняў і прадпісанняў, пастаўлена пытанне аб прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Старшы памочнік пракурора вобласці
па наглядзе за выкананнем
прыродаахоўнага заканадаўства
Алена Казлова