Пракуратура Віцебскай вобласці прааналізавала эфектыўнасць прынятых мер па забеспячэнні бяспечнага адпачынку непаўналетніх у летні перыяд

Пракуроры гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці вывучылі выкананне ў дзіцячых аздараўленчых арганізацыях заканадаўства, накіраванага на забеспячэнне бяспечнага знаходжання ў іх дзяцей.

Даведка: у адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама прадугледжаны шэраг арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў у мэтах якаснай арганізацыі адпачынку, аздараўлення і занятасці дзяцей у летні перыяд часу, у тым ліку па падрыхтоўцы аздараўленчых лагераў. На месцах таксама прыняты адпаведныя рашэнні. У летні перыяд 2021 года планавалася аздаравіць 39 410 дзяцей.

Пракурорамі вывучаны пашпарты гатоўнасці аздараўленчых лагераў, праведзена іх выбарачнае наведванне. Да правядзення рэйдавых мерапрыемстваў прыцягваліся спецыялісты тэрытарыяльных органаў санітарна-эпідэміялагічнага, пажарнага наглядаў.

Не ўсе парушэнні санітарна-гігіенічных, пажарных патрабаванняў, патрабаванняў бяспекі, якія мелі месца на момант прыёмкі, былі ўстаранены ў тэрміны, вызначаныя ў рэкамендацыях адпаведных службаў (аздараўленчыя лагеры на базе ДУА «Бігасаўская сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна», СУСУ «Верхнядзвінская ДЮСШ», спартыўна-аздараўленчы лагер «Ніва» Талачынскага раёна).

Выяўлены парушэнні пры арганізацыі харчавання і захоўвання харчовых прадуктаў, іншыя парушэнні патрабаванняў санітарна-гігіенічных норм і правілаў у аздараўленчых установах Гарадоцкага, Бешанковіцкага, Міёрскага раёнаў.

Падвергнулася крытыцы стан пажарнай бяспекі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.

Пракуроры прааналізавалі стан бяспекі на розных відах атракцыёнаў (надзіманых, механічных, водных, стацыянарных) з пастаянным наведваннем дзяцей. Выяўлены шэраг парушэнняў норм і правілаў тэхнічнай бяспекі пры эксплуатацыі гульнявога надзіманага абсталявання (Віцебскі і іншыя раёны).

Традыцыйна праблемным застаецца пытанне забеспячэння бяспекі дзяцей на гульнявых пляцоўках населеных пунктаў.

Факты неналежнага ўтрымання дзіцячых гульнявых пляцовак, іх санітарнага і тэхнічнага стану ўстаноўлены ў г.Віцебску, Докшыцкім, Лепельскім, Лёзненскім, Талачынскім, Чашніцкім раёнах.

У бягучым годзе ў

Віцебскай вобласці дапушчаны рост гібелі дзяцей ад знешніх прычын.

Даведка: у цяперашні час у выніку смяротнага траўміравання загінула 13 дзяцей (аналагічны перыяд 2020 г. – 7), у тым ліку ў выніку ўтапленняў загінула 6 (2) дзяцей, дарожна-транспартных здарэнняў – 4 (0), суіцыду – 1 (1), механічнага самапашкоджання інструментам – 1 (0), гвалтоўных дзеянняў – 1 (1).

У мэтах удасканалення работы па папярэджанні гібелі дзяцей яшчэ ў 2015 годзе пратаколам міжведамаснага пасяджэння пракуратуры Віцебскай вобласці і Віцебскага аблвыканкама старшыням выканкамаў даручалася сфарміраваць пашпарты рэгіёнаў аб патэнцыйна небяспечных для дзяцей аб'ектах, вызначыць асоб, адказных за забеспячэнне бяспекі на такіх аб'ектах.

Як паказалі праверкі, у шэрагу рэгіёнаў вобласці мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не прымаюць вычарпальных мер па забеспячэнні бяспекі дзяцей.

Праінспектавана 147 патэнцыйна небяспечных аб'ектаў, з якіх 82 на вадзе. Па выяўленых парушэннях заканадаўства пракуроры рэгіёнаў унеслі 2 прадстаўленні, вынеслі 12 прадпісанняў.

Усяго пракурорамі раёнаў у бягучы летні перыяд у сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства аб бяспецы жыцця і здароўя дзяцей унесена 15 прадстаўленняў, вынесена 24 прадпісанні, 2 службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, у органы мясцовай улады накіравана 3 інфармацыйныя запіскі.

Пракуратурай Віцебскай вобласці накіравана ў абласны выканаўчы камітэт інфармацыйная запіска, у якой прапанаваны канкрэтныя мерапрыемствы па навядзенні належнага парадку ў сферы бяспекі жыцця і здароўя дзяцей.

Вынікі разгляду знаходзяцца на кантролі пракуратуры.

 

Памочнік пракурора Віцебскай вобласці

Ірына Тарасевіч