Пракуратура выявіла парушэнні заканадаўства ў сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі
Пракуратура выявіла парушэнні заканадаўства ў сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі
Органамі пракуратуры вобласці праведзены праверкі выканання арандатарамі і карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў абавязкаў па ахове паляўнічых угоддзяў, у ходзе якіх устаноўлены шэраг парушэнняў заканадаўства.
Так, пры выбарачным абследаванні паляўнічых угоддзяў, размешчаных у Сенненскім раёне, якія знаходзяцца ў арэндзе суб'ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці, выяўлена адсутнасць кармавых пляцовак для жывёл, якія адпавядаюць устаноўленым патрабаванням.
Мелі месца факты знаходжання ў незадавальняючым стане біятэхнічных аб'ектаў, якія выкарыстоўваюцца для кармлення паляўнічых жывёл, у паляўнічых угоддзях, арандаваных арганізацыямі РГАА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» (Глыбоцкі, Шумілінскі раёны).
Выяўлена адсутнасць часткі інфармацыйных указальнікаў, на якіх адлюстроўваюцца найменне карыстальніка паляўнічых угоддзяў, паляўніча-гаспадарчыя зоны, інфармацыя аб рэжыме палявання і іншыя неабходныя звесткі, неналежны стан такіх указальнікаў і невыкананне магчымасці прачытання размешчанай на іх інфармацыі (Лепельскі, Сенненскі, Дубровенскі, Лёзненскі, Аршанскі, Пастаўскі, Шумілінскі раёны).
Асобнымі арандатарамі паляўнічых угоддзяў у Глыбоцкім, Лёзненскім і Аршанскім раёнах пашпарты карыстальніка паляўнічых угоддзяў вяліся па форме, устаноўленай нарматыўным актам, які страціў сілу, а ў Гарадоцкім – не вяліся наогул.
Мелі месца факты неразмяшчэння ў сетцы Інтэрнэт актуальнай інфармацыі аб межах паляўнічых угоддзяў і іншых неабходных звестак (Полацкі, Верхнядзвінскі раёны).
Таксама ў Віцебскай вобласці не забяспечваецца выкананне патрабаванняў заканадаўства аб ахове паляўнічых жывёл у фондзе запасу паляўнічых угоддзяў, а таксама на тэрыторыях, не ўключаных у фонд паляўнічых угоддзяў, у тым ліку забароненых для палявання зонах, што ў адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі павінна ажыццяўляцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі або спецыяльна ўпаўнаважанымі імі юрыдычнымі асобамі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
На працягу апошніх трох гадоў вышэйназваныя мерапрыемствы не планаваліся і не ажыццяўляліся на названых тэрыторыях, у тым ліку інфармацыйныя ўказальнікі і іншыя знакі на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання, у месцах масавага наведвання з інфармацыяй аб забароне палявання і межах дадзеных тэрыторый не ўсталёўваліся, улік паляўнічых жывёл не вёўся. Сродкі з мясцовых бюджэтаў на гэтыя мэты не прадугледжваліся і не выдзяляліся.
Па выніках праверак падрыхтавана 17 актаў пракурорскага нагляду. Пракуратурай вобласці аб наяўных праблемах у дадзенай сферы праінфармаваны Віцебскі аблвыканкам.
Старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства Е.Л.Казлова