Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў заклікаў кіраўнікоў арганізацый працаваць над пошукам механізмаў павышэння эфектыўнасці вытворчасці ў рамках кадравага дня

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў у рамках кадравага дня заклікаў новы і цяпер дзеючы склад кіраўнікоў арганізацый працаваць над пастаянным пошукам унутраных механізмаў павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Кіраўнік вобласці лічыць, што выкананне пастаўленых задач па асноўных паказчыках развіцця прадпрыемстваў залежыць ад узроўню дзелавой кваліфікацыі кадраў. Таму сёння патрэбны не пасіўныя кіраўнікі, а ініцыятыўныя і пісьменныя, здольныя ўдасканаліць дзейнасць арганізацыі. Адсюль — максімальная стараннасць пры адборы кандыдатаў на кіруючыя пасады.

Вопыт работы Дзмітрыя Фоміна першым намеснікам старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама будзе запатрабаваны на ДП «Віцебскаблсельбуд». Адгэтуль ён кіраўнік гэтага прадпрыемства. Як ніхто іншы ведае нюансы будаўнічага комплексу і нацэлены на вынік, адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус, характарызуючы кіраўніцкі патэнцыял Дзмітрыя Аляксандравіча. Прызначанец вылучае тры важныя ядра для перспектыўнага развіцця арганізацыі: пашырыць спектр паслуг, што аказваюцца, павялічыць аб'ёмы будаўніча-мантажных работ, актыўней удзельнічаць у тэндарах. Разумее кіраўнік і адно з важных патрабаванняў кіраўніка вобласці: кожны элемент у вялікім вытворчым ланцужку павінен быць пралічаны і вывераны праз прызму фінансава-эканамічнай аддачы.

Падобны да гэтага партфель задач у прызначанага генеральным дырэктарам ААТ «Віцебскаблрэсурсы» Дзмітрыя Самуськова. Ацаніць маштабы намечанай работы і павысіць запас трываласці для эканомікі прадпрыемства дапаможа 5-гадовы досвед работы намеснікам старшыні Наваполацкага гарвыканкама.

УП ЖКГ Глубокскага раёна даверана Юрыю Лінкевічу, які апошнія 3 гады працаваў тут галоўным інжынерам. Кіраўнік ведае: у любую пару года ў арганізацыі мноства клопатаў, як запланаваных, так і непрадбачаных. Таму лічыць апраўданым правіла: ад выразнасці і зладжанасці ў працы залежаць у выніку якасць і поўнасць жыццезабеспячэння насельніцтва раёна камунальнымі паслугамі, а таксама бяспека функцыянавання ўсіх тэхнічных сістэм і абсталявання. Сярод прыярытэтных напрамкаў, азначаных Юрыем Часлававічам, — мадэрнізацыя кацельняў і цеплавых сетак, добраўпарадкаванне двароў. Працаваць трэба і над зніжэннем выдаткаў. Улічваць трэба і тое, каб максімальная эканомія затрат не адгукнулася на якасці і аб'ёме паслуг, што аказваюцца.

Стварыць перадумовы для эфектыўнага кіравання ААТ «Маяк Высокае» Аршанскага раёна даручана яго новаму дырэктару Алегу Макарэвічу.

— У земляробстве і жывёлагадоўлі патрэбны толькі сучасныя падыходы. Нельга выкарыстоўваць тэхналогіі дваццацігадовай даўніны. Хочаце ісці ў нагу з часам – укарайце найноўшыя распрацоўкі, — заклікаў новага дырэктара арганізацыі Мікалай Шарснёў.

На павышэнне прадукцыйнасці працы нацэлены кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў «Мішневічы» Шумілінскага раёна Міхаіл Цікавенка, «Чарневічы» Глубокскага раёна Уладзімір Бабіч, «Іванскі-Агра» Чашніцкага раёна Ігар Мароз, якім узгоднена працягненне кантрактаў. Бо не сакрэт, што арганізацыі, дзе высокія паказчыкі па надоях, прыбаўках вагі і высокая шчыльнасць жывёлы, паспяховыя, таму маюць рэальную крыніцу для выплаты больш высокага заробку.

Наладзіць становішча спраў па лініі узнаўлення статка — задача нумар адзін для УКСП «Рыдамльскі» Талачынскага раёна на чале з Васілём Хадкевічам. Ён не хавае: у працы ёсць промахі.

— У гаспадарках, дзе высокая прадукцыйнасць дойнага статка, на асаблівым рахунку тэхнік-апладніцель. Там, дзе недаацэнена значэнне узнаўлення, як правіла, і вынікі далёка ад запаветных вышынь, — сказаў старшыня аблвыканкама, даручаючы кіраўніку надаць увагу фарміраванню кадравага патэнцыялу, матывацыі работнікаў да якаснай працы.

Гэта тычыцца і дырэктара ААТ «Буеўшчына» Шаркаўшчынскага раёна Анатоля Буды. Нягледзячы на тое, што мінулы год з-за капрызаў прыроды выдаўся для прадпрыемства няпростым, як і для многіх іншых, аднак, будучы практычна ў роўных умовах, адным калектывам удалося прыплюсаваць, іншым — не. Да таго ж Анатолю Ігнацьевічу, а таксама дырэктарам ААТ «Туркова» Мёрскага раёна Івану Юрашку, філіяла СПП «Пражэктар» ААТ «Віцебскхлебпрам» Лепельскага раёна Аляксандру Дзямку варта кардынальна адфарматаваць падыход да вядзення раслінаводства, улічваючы кліматычныя ўмовы і ўрадлівасць земляў, і з карысцю для справы задзейнічаць даведзеную структуру пасяўных плошчаў. Дарэчы, гэтая тэма не сыходзіць з пазіцый найбольш часта ўзнятых на кадравых днях. Мікалай Шарстнёў робіць стратэгічную стаўку на стопрацэнтнае выкананне ўсімі арганізацыямі АПК такой задачы і не стамляецца паўтараць: драйверамі росту павінны стаць паказчыкі эфектыўнасці, рэнтабельнасці, фінансавы стан гаспадарак.

Для падаўжэння кантракту запрошаны генеральны дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі райаграсэрвіс» Сяргей Скавародка, які таксама атрымаў шэраг персанальных заданняў: нарошчваць тэмп аказання паслуг, працаваць па зніжэнні ўзроўню затрат.

Асобны блок – тэхніка, на працаздольнасць якой шмат у чым уплывае ачышчаная ад камянёў глеба. Таму перш чым пусціць машыны па палях, своечасовым зборам такога «ўраджаю» даручана заняцца КСХУП «Племянны завод Рэканструктар» Талачынскага раёна на чале з Аляксандрам Машкаровым. Без гэтага ніяк, інакш гаспадарка проста збанкрутуе на куплі запасных частак. Тэхніка да вясенняй сельскагаспадарчай кампаніі павінна быць гатовай.

Вольга БУЛАВА,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.