Разлік па-новаму. У камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама растлумачылі змены ў аплаце працы бюджэтнікаў

Летам адбыліся чарговыя змены ў аплаце працы работнікаў бюджэтнай сферы. На гэты раз яны закранулі налічэнне прэмій. Таксама некаторыя заканадаўчыя новаўвядзенні ўступяць у сілу з 1 студзеня 2022 года. Ці адлюструюцца яны на заработнай плаце бюджэтнікаў? Даведаліся ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
— На Віцебшчыне ў бюджэтнай сферы працуе 111 тысяч чалавек, што складае 33 працэнты ад агульнай колькасці працоўных у рэгіёне. Гэта найважнейшая катэгорыя работнікаў. Узровень аплаты іх працы па даручэнні Кіраўніка дзяржавы з 2017 года паэтапна павышаецца, — адзначыла галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Наталля Грыгор'ева. — Так, за 2020 год у вобласці сярэдняя заработная плата ў гэтай катэгорыі склала 942,7 рубля, што на 155,2 рубля больш, чым годам раней.

Асноўным элементам тарыфнай сістэмы, на аснове якой ажыццяўляецца аплата працы бюджэтнікам, з'яўляецца базавая стаўка. Для бюджэтных арганізацый з 1 жніўня бягучага года яна ўстаноўлена ў памеры 198 рублёў. Гэта другое павелічэнне базавай стаўкі ў бягучым годзе.

— Акрамя гэтага ў склад заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы ўключаецца такая стымулюючая выплата, як прэмія. Падходы да яе налічэння таксама змяніліся, — растлумачыла Наталля Іванаўна. — З 1 ліпеня гэтага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 482, дзе прапісана, што аб'ём сродкаў на прэміраванне цяпер фарміруецца і накіроўваецца ў памеры 20 працэнтаў ад сумы акладаў работнікаў бюджэтных арганізацый (раней — 5 працэнтаў). Хачу звярнуць асаблівую ўвагу, што прынятае змяненне не накіравана на павелічэнне заработнай платы. Павелічэнне памеру прэміі адбываецца выключна ў межах выдзеленых на бягучы год бюджэтных асігнаванняў на аплату працы. Гэта значыць, адбываецца пераразмеркаванне паміж яе элементамі за кошт карэкціроўкі памераў іншых стымулюючых выплат.

Наталля Грыгор'ева падкрэсліла, што пераразмеркаванне сродкаў паміж стымулюючымі выплатамі пры аднолькавай працягласці працоўнага часу і напружанасці не прывядзе да зніжэння ўзроўню аплаты працы работнікаў, устаноўленага да 1 ліпеня 2021 года.

— На

прэміраванне цяпер будуць накіроўвацца і нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы, — звярнула ўвагу Наталля Іванаўна. — Дадзеныя меры дазволяць павялічыць долю прэміравання ў аб'ёме стымулюючых выплат і тым самым матываваць работніка на добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў. Канкрэтны памер прэміі работніка вызначаецца згодна з палажэннем, зацвярджаемым кіраўніком бюджэтнай арганізацыі.

Указам № 482 прадугледжана яшчэ адно новаўвядзенне ў аплаце працы бюджэтнікаў, якое будзе ўведзена толькі з 1 студзеня наступнага года. Зменены памер аднаразовай выплаты на аздараўленне, які складзе: па 31 снежня 2021 года – 0,5 акладу, з 1 студзеня 2022 года – адзін аклад.

Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама прыняты меры па кантролі за сітуацыяй у галіне аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы з улікам уведзеных змен, арганізаваны штомесячны маніторынг налічэння заработнай платы.

— Зніжэння яе памераў не выяўлена, — адзначыла Наталля Грыгор'ева. — Таксама спецыялістамі камітэта, упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне рай- і гарвыканкамаў па пытаннях прымянення нормаў Указа № 482 праведзена 72 семінары, удзел у якіх прынялі больш за 2900 спецыялістаў, накіравана 109 рэкамендацыйных лістоў, наведана 97 бюджэтных арганізацый.