Разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з'яўляецца важным участкам дзейнасці пракуратуры

За бягучы год толькі на асабістых прыёмах у пракурорскіх работнікаў пабывала больш за 3,2 тысячы наведвальнікаў. Шырока практыкавалася правядзенне выязных прыёмаў, на якіх прынята амаль 500 чалавек.

Таксама ў органы пракуратуры вобласці паступіла больш за 4,5 тысячы пісьмовых зваротаў. Пры гэтым варта адзначыць, што траціна з іх  не адносіцца да кампетэнцыі пракурораў.

Нягледзячы на тое, што Указам Кіраўніка дзяржавы ад 15.10.2007 №489, вызначана кампетэнцыя дзяржаўных органаў, іншых арганізацый па разглядзе зваротаў у сферах жыццядзейнасці насельніцтва, заяўнікі настойваюць на тым, каб менавіта пракуроры праводзілі праверкі па іх пытаннях.

У сувязі з гэтым хочацца яшчэ раз звярнуць увагу нашых заяўнікоў на неабходнасць  кіравацца пры выбары органа, у які накіраваць свой зварот, патрабаваннямі названага дакумента.

Непасрэдна   у органах пракуратуры за паўгоддзе вырашана 2,6 тысячы зваротаў. З улікам нашай нязначнай колькасці на аднаго пракурорскага работніка прыпадае больш за 12 зваротаў,  і гэта не лічачы таго, што ўсімі супрацоўнікамі выконваюцца іншыя прафесійныя абавязкі. Больш за ўсё  зваротаў вырашана ў абласной  пракуратуры, пракуратурах г.Віцебска, г.Наваполацка, Аршанскага, Полацкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Талачынскага, Докшыцкага раёнаў. 

Пры гэтым толькі 26 працэнтаў ад разгледжаных зваротаў прызнаны абгрунтаванымі. З іх амаль  палову складаюць заявы грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях звароту пракурорамі ў суды агульнай юрысдыкцыі і эканамічныя суды з іскамі (заявамі) аб абароне іх правоў, спагнанні шкоды, дэбіторскай запазычанасці. 

Як і раней, практычна амаль палову ад вырашаных зваротаў складаюць скаргі на дзеянні і рашэнні органаў дазнання і следства. У той жа час варта адзначыць, што працэнт задаволенасці такіх заяў з'яўляецца ледзь ці не самым нізкім у рэспубліцы. Пры гэтым пракуроры ў межах прадастаўленых ім паўнамоцтваў аказваюць істотны ўплыў на поўнасць правядзення праверак па заявах і паведамленнях аб злачынствах, якасць расследавання крымінальных спраў.

У бягучым годзе павялічылася колькасць зваротаў аб парушэннях адміністрацыйнага заканадаўства. Асноўная маса задаволеных скаргаў аб нязгодзе з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым нагодай для абскарджання незаконных пастановаў часта з'яўляліся парушэнні, дапушчаныя як супрацоўнікамі міліцыі, так і ўпаўнаважанымі службовымі асобамі іншых органаў пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу.

Да прыкладу, пры разглядзе ў пракуратуры вобласці скаргі на пастанову інспектара ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ўстаноўлена, што пастанова была вынесена без складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, што дапускаецца толькі ў выпадку, калі фізічная асоба прызнала сябе вінаватай у здзяйсненні правапарушэння і выказала сваю згоду на прымяненне да яе адміністрацыйнага спагнання. Разам з тым, з скаргі грамадзяніна і запісу відэарэгістратара вынікае, што сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння ён не прызнаваў. Пры такіх абставінах названая пастанова пракуратурай вобласці была адменена як незаконная. У далейшым справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да дадзенага грамадзяніна спынена з прычыны малазначнасці здзейсненага правапарушэння.

Дастаткова часта звярталіся грамадзяне ў органы пракуратуры за абаронай працоўных правоў, у тым ліку ў сувязі з парушэннем тэрмінаў выплаты заработнай платы і іншых належных ад наймальніка выплат. Пры гэтым пракурорамі не толькі прымаліся меры да ўстаранення парушэнняў заканадаўства, але і вырашалася пытанне аб прыцягненні кіраўнікоў такіх арганізацый да адміністрацыйнай адказнасці.

Усе мы ведаем, як важна выконваць правілы пражывання ў жылых памяшканнях, асабліва калі гэта шматкватэрныя жылыя дамы.

Разам з тым, таварыства ўласнікаў аднаго з жылых дамоў у г. Оршы было вымушана звярнуцца ў пракуратуру раёна, каб паўплываць на аднаго з жыльцоў, кватэра якога ўтрымліваецца ў антысанітарным стане, завалена смеццем. Па даручэнні пракурора ДУ «Аршанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» дадзены грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай

ответнасці.  

 На жаль, не зжылі сябе факты неналежнай арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку ў мясцовых органах улады. 

Так, напрыклад, пры разглядзе ў пракуратуры Полацкага раёна звароту грамадзяніна аб неатрыманні адказу на сваю заяву з Полацкага райвыканкама даводы заяўніка знайшлі сваё пацвярджэнне, у сувязі з чым пракуратурай кіраўнік аднаго з аддзелаў райвыканкама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.  Таксама пасля ўмяшання пракурора райвыканкамам падрыхтаваны адказ на зварот грамадзяніна.

Узрасла колькасць разгледжаных  заяваў па пытаннях выканання законаў аб непаўналетніх. У асноўным абскардзіліся дзеянні і рашэнні дзяржаўных органаў і ўстаноў, надзеленых уладнымі функцыямі, у тым ліку ў частцы прызнання дзяцей  якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пры гэтым хочацца звярнуць увагу названых службовых асоб на ўзважаны падыход да прыняцця такіх рашэнняў, паколькі за імі стаяць жывыя людзі.

Да прыкладу, у г.Навалукомлі адной з дашкольных устаноў было прынята заўчаснае рашэнне аб прызнанні дзіцяці які знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У ходзе праведзенай пракуратурай Чашніцкага раёна праверкі па  звароце маці непаўналетняй  устаноўлена, што ў дадзеным выпадку адсутнічалі падставы для аднясення дзіцяці да названага становішча. У сувязі з гэтым з боку пракуратуры былі прыняты меры да адмены неабгрунтаванага рашэння і зняцця непаўналетняй з адпаведнага ўліку.

Усяго пракурорамі ў бягучым  годзе прыняты меры пракурорскага рэагавання па 656 зваротах.       

Намеснік начальніка
арганізацыйна-кантрольнага
аддзела
пракуратуры Віцебскай
вобласці
Святлана Зайцава.