Геаграфічнае становішча
Віцебская вобласць — адзін з маляўнічых куткоў Еўропы. Па прыгажосці, унікальнасці фаўны і флоры, па багацці запаведных мясцін цяжка знайсці ёй роўных. Старажытныя хваёвыя лясы займаюць 60% усёй лесапакрытай тэрыторыі. Найбольш высокай лясістасцю адрозніваюцца Расонскі, Полацкі, Лепельскі, Докшыцкі, Гарадоцкі раёны.
Вобласць размешчана на паўночным усходзе Беларусі ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і вярхоўях Дняпра. На ўсходзе яна мяжуе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласцямі Расійскай Федэрацыі, на паўночным захадзе — з Латвіяй, на захадзе — з Літвой і Гродзенскай вобласцю, на поўдні — з Мінскай і Магілёўскай абласцямі Рэспублікі Беларусь.
Працягласць межаў з усходу на захад складае больш за 300 км, з поўначы на поўдзень — 175 км. Па тэрыторыі вобласць больш за такія дзяржавы, як Албанія, Сальвадор, Малдова, Арменія.