Пахаванне № 7653 размешчана на паўднёвай ускраіне в. Росіца Сар’янскага сельсавета Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці і з’яўляецца брацкай магілай ахвяр фашызму.

У ім пахаваны прах 700 мірных жыхароў, спаленых фашыстамі ў сакавіку 1943 года ў ходзе карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва”.

У перадваенныя гады ў вёсцы Росіца Дрысенскага раёна было 231 двор, пражывала 943 чалавекі.

У першыя тыдні вайны – 3 ліпеня 1941 года – вёска была акупавана нямецкімі войскамі. З восені 1941 г. нямецкая акупацыйная адміністрацыя дазволіла аднавіць набажэнствы ў Росіцкім касцёле Святой Тройцы пад кіраўніцтвам ксяндза-марыяніна Антонія Лешэвіча. Летам 1942 года да яго далучыўся Юрый Кашыра.

У сярэдзіне лютага 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі пачалі карную аперацыю ”Зімовае чараўніцтва“. Росіца стала адной з першых ахвяр гэтых трагічных падзей.

У ноч з 15 на 16 лютага 1943 г. з тэрыторыі Латвіі пачалі наступленне паліцэйскія фарміраванні. У Траецкім касцёле быў арганізаваны ”сартавальны пункт“, куды зганялі жыхароў Росіцы і бежанцаў з навакольных вёсак. Сярод палонных апынуліся святары Антоній Лешэвіч і Юрый Кашыра.

Пяць халодных лютаўскіх дзён і начэй працягвалася ”сартаванне“. Адзіным суцяшэннем вязняў былі словы падтрымкі і малітвы святароў. Затым частка палонных была этапавана на чыгуначную станцыю Бігосава для далейшай адпраўкі ў канцлагер Саласпілс. Астатнія – спалены ў розных месцах Росіцы.

Каты давалі ксяндзам магчымасць пакінуць Росіцу і такім чынам выратаваць сваё жыццё. Аднак, Антоній Лешэвіч і Юрый Кашыра ў сваім духоўным пакліканні вырашылі, што свяшчэнны абавязак іх місіі – заставацца там, дзе смуткуюць іх парафіяне, быць духоўнай дапамогай людзям у апошнія хвіліны іх жыцця. Святары адмовіліся пакінуць людзей і разам з ахвярамі прынялі пакутніцкую смерць.

13 чэрвеня 1999 года Рымска-каталіцкая царква беатыфікавала святароў-марыянаў Антонія Лешэвіча і Юрыя Кашыраа. З 1999 года, два разы на год тут праходзяць дні памяці Росіцкіх пакутнікаў.

Магілы загінуўшых у агні Росіцы былі размешчаны ў гумнах у цэнтральнай і заходняй частках паселішча, а таксама ў майстэрнях на яго паўднёвай ускраіне. На ўсіх пахаваннях былі ўзведзены помнікі. Устаноўлена частка імёнаў загінуўшых. Спіс ахвяр удакладняецца.

З 2019 года касцёл у Росіцы прызнаны Дыяцэзіяльным санктуарыем Росіцкіх пакутнікаў. Росіца з'яўляецца месцам пакланення пілігрымаў з усёй Беларусі і замежжа.

У памяць аб страшных падзеях генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на пахаванні № 7653 створаны Мемарыял пакутнікаў – добраўпарадкавана тэрыторыя, устаноўлены Паклонны крыж, праведзены рамонт пад'язной дарогі і прыступак да мемарыяла, размешчаны інфармацыйны стэнд.

Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў Брэсцкай вобласці Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў Гомельскай вобласці

Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў Гродзенскай вобласці

Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў Мінскай вобласці

Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў Магілёўскай вобласці

Гісторыка-мемарыяльныя месцы пахаванняў г. Мінска


Гісторыка-мемарыяльныя пахаванні