Гісторыя
Самае старажытнае паселішча чалавека на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны даследчыкі адносяць да эпохі ранняга каменнага веку. Вядомы стаянкі і паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў. Археолагі выявілі старажытныя гарадзішчы, курганы, дзе былі знойдзены прылады працы і прадметы побыту днепра-дзвінскай, пазнейшай бацэнцаўскай і іншых археалагічных культур.
Самае старажытнае княства на віцебскай зямлі — Полацкае, якое размяшчалася ў басейнах Заходняй Дзвіны, Бярэзіны і часткова Нёмана. Хуткае яго ўзвышэнне — вынік выгаднага геаграфічнага становішча на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі».
Цэнтрам княства стаў горад Полацк, узведзены на беразе Полаты, ад якой ён і атрымаў сваю назву. Першае згадванне пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносіцца да 862 г.
Першым князем Полацкай дзяржавы прынята лічыць Рагвалода — заснавальніка дынастыі Рагвалодавічаў.
У XII ст. адзіныя эканамічныя, палітычныя і стратэгічныя інтарэсы спрыялі збліжэнню Полацкага княства з Віцебскім, якое вылучылася з яго складу ў 1101 г. Цэнтрам новага княства стаў г. Віцебск, размешчаны на Заходняй Дзвіне і ва ўрочышчах рэк Лучосы і Віцьбы.
Згодна з легендай, горад заснаваны ў 974 г. кіеўскай княгіняй Вольгай. Аднак у летапісах першыя згадванні пра яго адносяцца да 1021 г., калі вялікі князь Кіеўскай Русі Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу.
Полацкія і віцебскія дружыны не раз удзельнічалі ў знакамітых гістарычных бітвах. Напрыклад, вядома, што полацкая дружына ўдзельнічала ў паходах Алега на Візантыю, змагаліся полацкія і віцебскія воіны пад кіраўніцтвам наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча (Аляксандра Неўскага) са шведамі на Няве ў 1240 г., а затым на Чудскім возеры ў 1242 г.
У працэсе феадалізацыі (IX — XI стст.) раслі і ўмацоўваліся асобныя гарады. Адным з памежных фарпостаў Полацкай зямлі быў г. Орша, або, як ён згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», горад Ръша (цяпер — г. Орша), які ўзнік каля 1021 г.
Для барацьбы з замежнымі захопнікамі на працягу XIII ст. фармавалася новая дзяржава — Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. І ўжо да канца XIII — пачатку XIV стст. большасць беларускіх зямель увайшла ў яго склад, у тым ліку Віцебскае, Полацкае, Лукомльскае і Друцкае княствы.
У XV-XVI стст. Полацк і Віцебск з'яўляліся значнымі гандлёвымі і культурнымі цэнтрамі. Гандаль вёўся не толькі з іншымі тэрыторыямі Вялікага княства Літоўскага, але і з Германіяй, Чэхіяй, Італіяй, Венгрыяй, маскоўскімі дзяржавамі і інш.
Аб'яднанне беларускіх зямель у складзе ВКЛ адыграла істотную ролю ў станаўленні беларускага этнасу. Ішло фарміраванне беларускай мовы, народнага адзення, своеасаблівасці народнага побыту.
Полацк даў сусветнай культуры вялікага Ф. Скарыну (каля 1490 — 1551). Ён вядомы як гуманіст, першадрукар, і як аўтар прадмоў і пасляслоўяў да выдаваных ім кніг, якія абавязкова ўпрыгожвалі гравюры.
Інтэнсіўна ў гэты перыяд развівалася і архітэктура. Яна спалучала ў сабе традыцыі дойлідства Беларусі XI — XIII стст. і ўплыў архітэктуры Заходняй Еўропы. У гэты час будаваліся пераважна крэпасці і замкі, палацы і культавыя збудаванні. Найбольш магутныя крэпасці былі ўзведзены ў Віцебску і Полацку.
Княжацкія палацы, храмы сталі распісваць фрэскамі.
Шырока была развітая графіка, кнігі ўпрыгожваліся мініяцюрамі, застаўкамі, дзе выяўляліся гістарычныя і батальныя сцэны, партрэтамі вядомых святых і князёў. Узорам такога афармлення кніг лічыцца Аршанскае евангелле.
На пачатку XVI ст. княствы Віцебшчыны перасталі існаваць. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ВКЛ былі ўтвораны ў 1504 г. -Полацкае, а ў 1508 г. — Віцебскае ваяводствы.
Нягледзячы на войны і перыядычнае абвастрэнне адносін з суседнімі дзяржавамі, у канцы XVI — XVII стст. Віцебск працягваў заставацца буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам ваяводства, у якім пражывала каля 10 тыс. жыхароў. У горадзе існавала развітая сістэма адукацыі. Пачынаючы з XVI ст. пры праваслаўных, каталіцкіх, а затым і пры пратэстанцкіх храмах і манастырах працавалі школы.
У 1498 г. Полацк, а ў 1597 г. Віцебск атрымалі магдэбургскае права. У 1620 г. яно было прадастаўлена Оршы. Магдэбургскае права дало магчымасць Полацку і Віцебску мець свае гербы.
Насельніцтва Віцебшчыны было пераважна праваслаўным.
Уключэнне Віцебскіх земляў у склад Рэчы Паспалітай прывяло да распаўсюджвання каталіцызму. Пачалі будаваць касцёлы, з'явіліся каталіцкія кляштары. У 1629 г. у Віцебску дзейнічаў фарны (дамініканскі) касцёл, у 1676 г. быў пабудаваны кляштар бернардзінцаў з касцёлам св. Антонія. У 1682 г. адкрыты Віцебскі езуіцкі калегіум.
Буйным рэлігійным і культурным цэнтрам у XVI ст. становіцца Орша. Насуперак каталіцкай экспансіі з 1592 г. на тэрыторыі Аршаншчыны сталі дзейнічаць праваслаўныя брацтвы. На Аршаншчыне працавалі вядомыя разьбяры па дрэве, гравёры, ювеліры, чаканшчыкі і збройнікі.
У Полацку ў гэты час дзейнічалі Полацкі кляштар бернардзінцаў, уніяцкія і праваслаўныя кляштары. У 1581 г. заснаваны Полацкі езуіцкі калегіум, пры якім дзейнічала Полацкая друкарня. Пасля прыняцця Брэсцкай уніі Полацкі Сафійскі сабор стаў кафедральным уніяцкім саборам.
У 1796 г. шляхам аб'яднання Магілёўскай, Пскоўскай губерняў і Полацкага намесніцтва была створана Беларуская губерня з цэнтрам у г. Віцебску, а ў 1802 г. была створана Віцебская губерня.
Размяшчэнне ў Віцебску рэзідэнцыі беларускіх генерал-губернатараў, а затым абвяшчэнне яго цэнтрам створанай губерні мела важнае значэнне для развіцця горада. Да другой паловы XVIII ст. ён стаў другім па велічыні (пасля Магілёва) горадам Беларусі. У 1777 г. у ім пачало дзейнічаць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарнае, пазней узніклі кафлянае, канапатнае, вапнавае.
З 1797 г. працавала Віцебская губернская друкарня.
Вялікае значэнне для росту і развіцця земляў Віцебшчыны ў цэлым мела ўключэнне яе ў сістэму агульнарасійскага рынку дзякуючы таму, што шэраг гарадоў, у прыватнасці, Віцебск, знаходзіліся на беразе ракі Заходняя Дзвіна.
Цяжкія выпрабаванні вынесла Віцебшчына падчас Айчыннай вайны 1812 года, калі на яе тэрыторыі адбываліся жорсткія бітвы.
Згодна з перапісам 1897 г., у Віцебску — цэнтры губерні — пражываў 65871 жыхар. У 1866 г. праз горад была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыгуначныя лініі злучылі горад з Масквой, Пецярбургам, Кіевам, Брэстам.
Буйнымі гарадамі Віцебскай губерні ў гэты перыяд з'яўляліся Віцебск, Полацк і Орша.
На грамадскае жыццё Віцебшчыны XIX ст. аказвала ўплыў ідэі вызваленчага руху. У Віцебску прайшла юнацкасць І. І. Гарбачэўскага (будучага дзекабрыста), які скончыў Віцебскую гімназію. У маі-кастрычніку 1821 г. у горадзе жыў М. М. Мураўёў, адзін з арганізатараў «Паўночнага таварыства» дзекабрыстаў. У Полацку і Бешанковічах служыў дзекабрыст А. А. Бестужаў-Марлінскі. У Полацку з верасня 1900 г. да вясны 1901 г. пражываў рэвалюцыянер І. В. Бабушкін.
Насельніцтва прымала ўдзел у Першай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гг. У 1905 г. стачкі салідарнасці з рабочымі Масквы праходзілі ў Віцебску, Полацку, Оршы і іншых гарадах і мястэчках губерні.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Віцебску пражывала 109 тыс. чалавек. Горад працягваў заставацца адным з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Заходняга краю, дзе дзейнічала 45 фабрык і заводаў, на якіх працавала каля 8 тыс. чалавек. Аб падзеях Лютаўскай рэвалюцыі ў губерні стала вядома ў пачатку сакавіка 1917 г. На Віцебшчыне Саветы былі створаны ў Полацкім і Дрысенскім паветах — 7 сакавіка, у г. Полацку — 15 сакавіка, у г. Віцебску — 20 сакавіка.
10-17 снежня 1917 г. адбыўся I надзвычайны з'езд Віцебскага губернскага Савета рабочых, салдатскіх, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў, які заканадаўча замацаваў Савецкую ўладу ў Віцебскай губерні і выбраў губвыканкам.
У сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай ССР (люты 1919 г.) і акупацыяй польскімі войскамі часткі Беларусі (люты-жнівень 1919 г.) Віцебская губерня была перададзена РСФСР.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці ваеннага часу, да пачатку 20-х гадоў горад ператварыўся ў найбуйнейшы культурны цэнтр. Яшчэ ў 1918 г. у Віцебску былі арганізаваны сімфанічны аркестр і народная кансерваторыя. Па ініцыятыве мастака Марка Шагала адкрыта народная мастацкая школа (пасля перайменаваная ў Віцебскае мастацкае вучылішча), заснаваны Віцебскі губернскі музей і дзяржаўная мастацка-дэкаратыўная майстэрня. У горадзе жылі і тварылі такія вядомыя мастакі і філосафы, як К. Л. Багуслаўская, М. В. Дабужынскі, В. М. Ермалаева, К. С. Малевіч, І. А. Пуні, М. М. Бахцін і многія іншыя, працавалі 3 тэатры, 6 клубаў, дзейнічалі сінематографы і г. д.
У 1926-1928 гг. прамысловасць Беларусі развівалася больш хуткімі тэмпамі, чым раней. У 1927 г. толькі ў Віцебску налічвалася 36 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх было занята 7036 рабочых. Сярод іх ільнопрадзільная фабрыка «Дзвіна», швейная фабрыка «Прафінтэрн», панчошная фабрыка ім. К. Цеткін, завод «Чырвоны металіст».
Частымі гасцямі на Віцебшчыне былі Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны. Горад Віцебск наведалі А. Талстой (1924 г.), У. Маякоўскі (1927 г.) і іншыя вядомыя літаратары.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў вобласці было сканцэнтравана каля 40% усёй апрацоўчай, тэкстыльнай прамысловасці рэспублікі.
Напярэдадні вайны Віцебск з'яўляўся і найбуйнейшым культурным цэнтрам вобласці.
11 ліпеня 1941 г. Віцебск быў акупаваны.
З першых дзён акупацыі ў Суражскім раёне атрад Бацькі Міная (М. Ф. Шмырэва), створаны ў ліпені 1941 г., вёў бязлітасную барацьбу з ворагам. У гэты ж перыяд пачаў сваю дзейнасць і атрад «Дзядзькі Косці» (К. С. Заслонава), утвораны на аснове групы, якая дзейнічала ў Аршанскім падполлі. Яркай старонкай у гісторыю Віцебскага падполля ўвайшлі В. З. Харужая, Е. С. Зенькова, якім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (Харужая — пасмяротна), І. А. Бекішаў, А. Е. Белахвосцікава, Т. А. Марудаў і інш.
Вызваленне вобласці пачалося восенню 1943 г. і працягнулася летам 1944-га падчас аперацыі «Баграціён». 26 чэрвеня 1944 г. Віцебск быў вызвалены.
За гады вайны найбольшыя людскія страты панеслі Віцебск, Полацк, Глыбокае. З 180 тыс. чалавек, якія пражывалі ў г. Віцебску ў 1940 г., пасля выгнання акупантаў засталося ўсяго 118 жыхароў. Горад быў разбураны больш чым на 93%.
У 1967 г. за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм працаўнікоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, за поспехі ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна, г. Віцебск — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974 г.) Орша — ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1984 г.)
У 60-70 гг. ХХ ст. у вобласці пабудавана шмат буйных сучасных заводаў: каляровых тэлевізараў, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, «Эвістар», «Стекловолокно», керамзітавага жвіру, мэблевая фабрыка «Заря», Віцебскі домабудаўнічы камбінат, вытворчыя аб'яднанні «Нафтан», «Палімір», «Маналіт», «Электроизмеритель», «Оршастройматериалы» і многія іншыя. На карце вобласці з'явіліся новыя гарады, якія сталі буйнымі прамысловымі цэнтрамі Беларусі: Наваполацк і Навалукомаль.
У цяперашні час Віцебшчына — высокаразвіты прамысловы і сельскагаспадарчы рэгіён, шырока вядомы сваімі духоўнымі і культурнымі традыцыямі.