Сыравінныя рэсурсы, прыродакарыстанне

Асноўнымі мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі Віцебскай вобласці з'яўляюцца даламіт, сапрапелі, гліна, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, мінеральныя і прэсныя падземныя воды.

У вобласці засяроджана 100 працэнтаў рэспубліканскіх запасаў даламіту, парадку 70 працэнтаў запасаў сапрапеляў, 40 працэнтаў запасаў гліны, 33 працэнты запасаў пясчана-жвіровага матэрыялу, 12 працэнтаў запасаў будаўнічых пяскоў, каля 30 працэнтаў запасаў торфу.

Здабычу даламіту ажыццяўляе ААТ ”Даламіт“ на радовішчы Руба ў Віцебскім раёне. Разведаныя запасы складаюць каля 909 млн. тон. Сыравіна выкарыстоўваецца для вытворчасці даламітавай мукі, драблёнага даламіту, мінеральных парашкоў для дахавага руберойда, асфальтабетонных пакрыццяў і іншых матэрыялаў.

Запасы сапрапелю ў вобласці ацэньваюцца ў 2,2 млрд. м3, з якіх 1,6 млрд. м3 залягаюць у азёрах і 628 млн. м3 – пад тарфяной заляжью. Разведана 63 радовішчы глін з агульнымі балансавымі запасамі 143 млн. м3. Найбольш буйныя з іх Лукомль-1 у Чашніцкім раёне, Заполле ў Шумілінскім раёне.

У вобласці маецца больш за 100 радовішчаў з разведанымі запасамі пясчана-жвіровай сумесі і пяску 296 млн. м3.

На тэрыторыі вобласці знаходзіцца 3238 тарфяных радовішчаў і іх участкаў, агульная тэрыторыя якіх складае 421,2 тыс. га або 10,5 працэнта тэрыторыі вобласці. У распрацоўваны фонд аднесена 23 тарфяныя радовішчы (56 участкаў) плошчай 33987 га з прамысловымі запасамі торфу 114579 тыс. тон або 8 працэнтаў тэрыторыі тарфяных радовішчаў вобласці.