Прыродныя рэсурсы павінны больш эфектыўна выкарыстоўвацца для развіцця эканомікі. Пра гэта ішла размова на чарговым пасяджэнні аблвыканкама

Прыродныя рэсурсы павінны больш эфектыўна выкарыстоўвацца для развіцця эканомікі. Пра гэта ішла размова на чарговым пасяджэнні аблвыканкама.


Як паведаміў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў, мінеральна-сыравінная база Віцебшчыны цалкам забяспечвае патрэбы народнай гаспадаркі. У 2015 годзе было здабыта больш за 130 тыс. т торфу, 2,5 млн куб. м пяску і пясчана-жвіровай сумесі, 2,7 млн т даламіту і больш за 350 тыс. куб. м гліны. За апошнія гады аб'ёмы здабычы карысных выкапняў зніжаюцца. У той жа час іх выкарыстанне застаецца перспектыўным напрамкам.

Напрыклад, дзякуючы рэалізацыі ў 2014 годзе інвестпраекта на Навалукомльскім заводзе керамзітавага жвіру ў 3,5 раза павялічаны выпуск прадукцыі. У 2015-м ААТ «Даламіт» увяло ў эксплуатацыю лінію па вытворчасці парашку для шкляной прамысловасці, што дазволіла за 9 месяцаў гэтага года вырабіць 12,5 тыс. т інавацыйнай прадукцыі.

Сёння чэшскай кампаніяй у Шаркаўшчынскім раёне пабудаваны завод па выпуску субстратаў з торфу праектнай магутнасцю да 100 тыс. т у год, наладжаны экспартныя пастаўкі ў Турцыю.

У Талачынскім раёне плануецца рэалізаваць інвестпраект па вырошчванні грыбоў з выкарыстаннем торфу ў якасці субстрату. Ёсць рэзервы па здабычы і перапрацоўцы сапрапелю. Віцебшчына мае 77% рэспубліканскіх запасаў сапрапеляў, пошукава-ацэначныя работы выкананы на 474 азёрах, з іх 78 аднесена да перспектыўных для распрацоўкі. Значныя запасы ёсць у азёрах Бузянка Верхнядзвінскага раёна, Усвея Ушацкага раёна, Дабееўскае Шумілінскага раёна.

На Віцебшчыне разведзена 39 радовішчаў падземных прэсных вод з эксплуатацыйным запасам каля 900 тыс. куб. м у суткі. На сённяшні дзень маецца 28 радовішчаў мінеральных вод, з іх 16 распрацоўваюцца. Добычай і разлівам мінеральнай вады займаюцца 11 прадпрыемстваў.

Вобласць валодае патэнцыялам выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. На палігонах Оршы, Віцебска і Наваполацка

біягазавыя ўстаноўкі ўтылізуюць больш за 5 млн куб. м смеццевага газу. Праводзіцца падрыхтоўчая праца па будаўніцтве 11 ветраэнергетычных комплексаў у шасці раёнах Віцебшчыны. Сёння функцыянуе больш за 60 установак на сонечных батарэях. Звыш 40 кацельняў выпрацоўваюць цеплавую энергію з драўніны і ільняной кастры.

Вядзеннем паляўнічай гаспадаркі займаюцца 62 арандатары. Выконваецца Дзяржаўная праграма «Беларускі лес» па дасягненні аптымальнай колькасці лася, аленя высакароднага і касулі, развіваецца інфраструктура. Разам з тым няма росту даходаў ад вядзення паляўнічай гаспадаркі, намяцілася ўстойлівая тэндэнцыя па зніжэнні выручкі ад замежнага паляўнічага турызму.

Перспектыўным напрамкам з'яўляецца нарыхтоўка вінаграднай слімакі. Па дадзеных Нацыянальнай акадэміі навук, прамысловы запас гэтага віду складае 227 т. Гродзенская «Фірма Мока» вядзе закупку вінаграднай слімакі ў 10 раёнах Віцебшчыны. У 2015 годзе было нарыхтавана 118,8 т малюска, які экспартуецца ў Францыю.

Вялікі патэнцыял маюць дары лесу. За 2014 г. – 8 месяцаў 2016-га экспартавана 457,8 т дзікарослых ягад і грыбоў на агульную суму 2,5 млн долараў. Але вынікі маглі быць больш.

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк пацікавіўся начальніка землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама Ігара Левенкова, як ідзе выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы аб больш эфектыўным выкарыстанні ў турыстычных мэтах прыбярэжнай зоны і воднай гладзі.

Ігар Іванавіч адзначыў, што на сённяшні дзень з улікам прыродаахоўных патрабаванняў для гэтых мэт падабраны ўчасткі ў 6 раёнах Віцебшчыны, у тым ліку ў Браслаўскім – 100, Ушацкім – 45. Зараз ідзе афармленне дакументаў, каб у далейшым прадаставіць інвестарам для размяшчэння на выдзеленых участках аб'ектаў турызму.

Генеральны дырэктар Віцебскага ДПЛХА Сяргей Даніловіч распавёў, што за 10 месяцаў 2016-га тэмп росту экспарту лесу і піламатэрыялаў да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 121%, у тым ліку

пелеты – 130%, шчэпы – 590%. Агульная сума валютнай выручкі склала 21 млн долараў.

Па словах першага намесніка старшыні аблспажыўсаюза Віктара Шуляка, у нарыхтоўчай дзейнасці ў сельскай мясцовасці задзейнічана 864 гандлёвыя кропкі, 100 прыёмных пунктаў, маюцца 32 халадзільныя камеры для замаразкі ягад і грыбоў. На экспарт пастаўляецца ад 40 да 50% дзікарослых прадукцыі. Дарэчы, збор грыбоў і ягад прыносіць нядрэнны прыбытак вяскоўцам. За апошнія тры гады толькі нарыхтоўшчыкамі аблспажыўсаюза насельніцтву выплачана 23,5 млрд недэнамінаваных рублёў.

Як бачым, прыродныя рэсурсы могуць прыносіць прыбытак, і патэнцыял у гэтым напрамку высокі. Трэба толькі пісьменна выкарыстоўваць гэтыя дары.

Даведка «ВВ»

У нетрах Віцебскай вобласці выяўлена больш за 3 тыс. радовішчаў карысных выкапняў: торфу, сапрапеляў, пясчана-жвіровага матэрыялу, пяску, гліны, 100% разведаных рэспубліканскіх запасаў даламіту, вялікія аб’ёмы прэсных і мінеральных падземных вод.

Сяргей Ляшук, «Віцебскія весці»