Кіраўніцтва вобласці ўсклала кветкі да Вечнага агню на мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны
22.06.2026
Роўна апоўдні 22 чэрвеня, калі па ўсёй Беларусі на хвіліну спынілася жыццё, пад гукі метранома ля манумента савецкім воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам Віцебшчыны схілілі галовы прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў.
Замерлі гледачы ў Летнім амфітэатры – там вялася прамая трансляцыя мітынгу.
Да Вечнага агню рота ганаровай варты ўсклала жалобную гірлянду, афіцыйныя асобы – кветкі.
– Роўна 85 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мы сабраліся тут і ля манумента, каб сказаць: мы памятаем тых, хто аддаў жыццё за мір і свабоду! Гэты помнік – застылая ў граніце стойкасць, мужнасць і несакрушальная воля нашых абаронцаў, – пракаментаваў дыктар у амфітэатры.
Агульнанацыянальная хвіліна маўчання стала пачаткам канцэрта-рэквіема «Пульс памяці» – так два месцы і адзін агульны сэнс сталі адзіным цэлым, звязаўшы пакаленні, імёны і лёсы.