Кіраўніцтва Віцебскай вобласці віншуе гасцей і ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2025" у Чашніках

Паважаныя жыхары і аграрыі вобласці!

 

Сёлета гасцей і ўдзельнікаў свята абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі - 2025“ сустракае горад Чашнікі.

Па ўсталяванай традыцыі мы падводзім вынікі напружанай працы на хлебнай ніве. Выгадаваць і сабраць ураджай – складаная задача, вырашэнне якой па сілах толькі згуртаванаму, пісьменнаму калектыву, сапраўдным гаспадарнікам, майстрам з вопытам і новымі ведамі, працавітым людзям з цярплівым характарам.

Сёлета, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, аграрыі Віцебшчыны прадэманстравалі выдатныя вынікі, сабраўшы больш за мільён тон збожжа і насення рапсу.

Асабліва хочацца адзначыць Віцебскі і Аршанскі раёны, якія пераадолелі стотысячны рубеж па намалоце.

Мы шчыра дзякуем усім, хто сваёй самаадданай працай і майстэрствам здабывае наша “беларускае золата“ – хлеб. Уклад у агульны поспех унеслі спецыялісты з розных прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама жыхары гарадоў, перапрацоўчыя і абслугоўваючыя арганізацыі, навукоўцы, ветэраны і маладое пакаленне аграпрамысловага комплексу.

“Дажынкі“ – важны сацыяльна-культурны праект, які прышчапляе любоў і павагу да зямлі і працы, спрыяе навядзенню парадку, добраўпарадкаванню нашых гарадоў.

Пры падрыхтоўцы да свята г. Чашнікі пераўтварыўся, заззяў новымі фарбамі. Мы таксама дзякуем будаўнікам, камунальным службам за зладжаную і выніковую працу.

Жадаем вам, дарагія сябры, здароўя, міру, дабра і новых працоўных дасягненняў!


З павагай, 

А.М. Субоцін, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта

Д.В. Дзямідаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў