З удзелам пракурора Віцебскай вобласці Ігара Украінца ў Гарадоцкім раёне ва ўрочышчы «Вараб'ёвы горы» перапахавалі астанкі забітых у гады ВАВ мірных грамадзян

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Пантэон памяці» ва ўрочышчы «Вараб’ёвы горы» Гарадоцкага раёна адбылося перапахаванне костных астанкаў мірных грамадзян, якія ў жніўні 2022 года былі выяўлены ва ўрочышчы падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. У жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец, пракурор Гарадоцкага раёна Яўгеній Аўцын, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, кіраўніцтва раёна, благачынны Гарадоцкага раёна іерэй Уладзімір Дагодзька, прадстаўнікі арганізацый раёна, навучэнцы, мясцовыя жыхары і іншыя. «У гады Вялікай Айчыннай вайны наша краіна страціла кожнага трэцяга жыхара. Расстрэлы, павешанне, спаленне зажыва, задушэнне ў душагубках, у лагерах смерці дзяцей, старых, жанчын, мужчын – не пералічыць і не зразумець тых звярстваў, што тварылі нацысты і іх пасобнікі на нашай зямлі. У рамках крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны пракуроры ўстанаўліваюць усё новыя і новыя факты жахлівых злачынстваў у дачыненні да нашага народа. Гэта небывалая трагедыя ў гісторыі. Сёння, аддаючы зямлі прах нашых суграмадзян, аддаючы даніну іх памяці, мы павінны асэнсаваць і зразумець, у якой абстаноўцы мы жывем і, што неабходна рабіць, каб не паўтарылася тая страшная трагедыя. Вайна не скончана, пакуль не аддана зямлі яе апошняя ахвяра! Памяць аб іх будзе жыць вечна! Вечная памяць!», – сказаў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец. У выніку праведзеных архіўна-даследчых работ у Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі знойдзены ўспаміны жыхара вёскі Дубровы, які апісваў той факт, што падчас акупацыі Гарадоцкага раёна 7 студзеня 1943 года ва ўрочышчы «Вараб’ёвы горы» было расстраляна 65 жыхароў вёскі Дубікава Гарадоцкага раёна. У пасляваенныя гады мужчына месца гібелі аднавяскоўцаў пазначыў металічным крыжам. З 4 па 10 жніўня 2022 года ва ўрочышчы «Вараб’ёвы горы» ў раёне ўстаноўкі металічнага крыжа былі праведзены пошукавыя работы, у выніку чаго былі знойдзены чалавечыя астанкі 16 мірных жыхароў, 2 кулі, фрагменты абутку і побыту.Справаздача. Усяго за час вайны ў Гарадоцкім раёне было знішчана больш за 8 тыс. мірных грамадзян і каля 300 населеных пунктаў, 35 з якіх так і не адрадзіліся. Сёння на тэрыторыі раёна пражываюць 47 малалетніх вязняў. Афіцыйна ўстаноўлена 34 месцы пахавання ахвяр вайны, у якіх пахавана 7 132 чалавекі, забітых фашыстамі. Пракуратура Віцебскай вобласці вывучыла дзясяткі тысяч архіўных дакументаў, дапытала звыш 2,5 тысяч грамадзян. На Віцебшчыне ўжо знойдзена і агледжана 63 раней невядомых месцы пахавання мірнага насельніцтва. Памяць усіх загінуўшых удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання, пасля чаго ўсклалі да месца пахавання жывыя кветкі.

Служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці,
Фота: пракуратура Віцебскай вобласці