Семінар па праблематыцы суправаджэння і прасоўвання сайтаў органаў дзяржаўнага кіравання прайшоў у Віцебскім аблвыканкаме

У Віцебскім аблвыканкаме прайшоў семінар па праблематыцы суправаджэння і прасоўвання сайтаў органаў дзяржаўнага кіравання. У яго рабоце прынялі ўдзел спецыялісты Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, БелТА, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і аддзелаў гаррайвыканкамаў.

Як зрабіць сайт дзяржаўнага органа больш даступным, зразумелым, якасным і карысным для карыстальніка? Што патрабуецца для яго ўдасканалення? Чаму часам неабходную інфармацыю нельга атрымаць на сайце органа кіравання з дапамогай двух-трох клікаў мышы? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні пастараліся арганізатары семінарскіх заняткаў, ініцыяваных галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

– Мы праводзім семінар у такім фармаце адны з першых у краіне, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення Генадзь Ягораў. – Своечасовае інфармаванне грамадзян – важная дзяржаўная задача. Ад гэтага залежаць настрой людзей, імідж рэгіёна. Пытанні якасці прадстаўлення грамадска-палітычнай інфармацыі актуальныя заўсёды.

З дапамогай сайта мы забяспечваем нагляднасць і адкрытасць дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання, зваротную сувязь паміж уладай і людзьмі. Сайты мясцовых органаў кіравання насамрэч нагадваюць вялікую даведачную кнігу. Там можна знайсці адказы на многія пытанні, якія цікавяць грамадзян, даведацца апошнія навіны краіны і рэгіёна, аформіць электронны зварот.

Аднак праведзены маніторынг паказаў, што не ўсе рэгіянальныя інтэрнэт-рэсурсы паспяваюць ісці ў нагу з часам, адпавядаюць патрабаванням выразнасці структуры і навігацыі.

Сярод прыкладаў паспяховага функцыянавання – інтэрнэт-сайты Гарадоцкага і Лёзненскага райвыканкамаў, у найбліжэйшы час у новым фармаце пачне функцыянаваць сайт Віцебскага гарвыканкама.

Спецыялістам, якія адміністратуюць інтэрнэт-рэсурсы органаў дзяржкіравання, трэба будзе вялікая праца, каб іх сайты адпавядалі ўсім патрабаванням сучаснага заканадаўства і адказвалі запытам людзей. Сёння

ужо недастаткова толькі аператыўна абнаўляць актуальную інфармацыю на сайце, яго трэба адаптаваць пад новыя гаджэты, ствараць версіі для слабавідушчых, прасоўваць у сацыяльных сетках.

 

Святлана ДЗЕДЗІНКІНА,
галоўны спецыяліст галоўнага
упраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі
Віцебскага аблвыканкама.