«Магутны інструмент інтэграцыі бізнесу». Старставаў другі дзень працы экспазіцыі Віцебшчыны на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі
26.06.2026
Другі дзень працы выставы-кірмашу з удзелам беларускіх і расійскіх вытворцаў, рамеснікаў, прадстаўнікоў бізнесу і гандлю на палях XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі абяцае быць насычаным. Напярэдадні яе наведалі прадстаўнікі дзелавых колаў, кіраўнікі абласцей і дэлегаты.
Як адзначаюць самі ўдзельнікі, гэтая пляцоўка дазваляе намеціць шляхі пашырэння супрацоўніцтва з ужо наяўнымі партнёрамі і знайсці новых. Важны складнік – абмен вопытам, распрацоўкамі, тэхналогіямі і практыкамі.
– Дадзеная пляцоўка – магутны інструмент інтэграцыі бізнесу, рэгіёнаў, улады для таго, каб наладзіць бізнес, эканамічныя сувязі, паглядзець на рэгіёны і прадукцыю, якую ў іх вырабляюць, паказаць сябе. Як паказваюць учорашні і сённяшні дзень працы выставы, наша прадукцыя досыць запатрабавана. Асаблівую ўвагу наведвальнікі надаюць нашаму новаму напрамку – касметыцы для жывёл, – абазначыў дырэктар замежнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «ВІК – здароўе жывёл» Ілья Курганаў.
Як распавёў генеральны дырэктар ААТ «Віцязь» Генадзь Азараў, прадпрыемства пастаўляе тэхніку практычна ва ўсе расійскія рэгіёны і працуе праз найбуйнейшыя федэральныя гандлёвыя сеткі.
– У межах гэтага Форуму мы падпісалі пагадненне аб пашырэнні супрацоўніцтва з Уладзівастокам – найбуйнейшай кампаніяй Расійскай Федэрацыі па продажы бытавой тэхнікі, – паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Віцязь» Генадзь Азараў. – На рэгулярнай аснове пастаўляем у Расійскую Федэрацыю тэлевізары – парадку 900 тысяч у год. Сёлета мы павялічылі долю паставак тэлевізараў пад уласнай гандлёвай маркай – брэндам «Віцязь». З'яўляючыся масавым вытворцам бытавой тэхнікі, шматпрофільным прадпрыемствам, мы заўсёды зацікаўлены ў тым, каб быць убудаванымі ў кааперацыйныя сувязі – гэта адна з нашых галоўных мэт на гэтым форуме.
Прамысловы, турыстычны і культурны патэнцыял паўночнага рэгіёну прадстаўляюць звыш 20 вядучых прадпрыемстваў, а таксама свабодная эканамічная зона «Віцебск».
– Расійская Федэрацыя складае больш за 90% экспарту нашага прадпрыемства. Наша дзейнасць і ўдзел у Форуме накіраваны на пашырэнне геаграфіі кантактаў, максімальны ахоп рэгіёнаў і галін, якім магла б быць цікавая наша прадукцыя. Яна запатрабавана прадпрыемствамі самага шырокага профілю: чыгуначная дарога, авія-, машынабудаванне, касмічная галіна, металургія. Нам цікавыя абсалютна любыя рэгіёны Расіі, – падкрэсліла вядучы спецыяліст па маркетынгу прадпрыемства «Гідрапрэс» Вольга Табакова.
Сыры, каўбасы, малочная прадукцыя. Прыдзвінскі край прывёз у сталіцу свае брэнды і навінкі. Некалькі з іх прадставіў на выставе-кірмашы ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Як расказала начальнік сектара маркетынгу Яна Юсупава, гаворка ў тым ліку аб мясной сыравэнджанай лінейцы.
– Віцебскі мясакамбінат выстаўляецца на Форуме рэгіёнаў не ў першы раз. Гэта добрая магчымасць прадставіць увесь асартымент выпускаемай прадукцыі для ўсёй дружалюбнай нам Расійскай Федэрацыі. Кожны з рэгіёнаў зацікавіўся нашай прадукцыяй. Мы прадставілі навінкі, прапанавалі будучым і дзеючым партнёрам узаемавыгаднае супрацоўніцтва. На сённяшні дзень мы цесна ўзаемадзейнічаем з Маскоўскай, Ленінградскай абласцямі, наладжаны кантакты з іншымі рэгіёнамі, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Андрэй Барысенка.