Зібранасць, цішыня і максімум засяроджанасці: як здаюць ЦЭ і ЦТ віцебскія школьнікі

Собранность, тишина и максимум сосредоточенности: как сдают ЦЭ и ЦТ витебские школьники

Зібранасць, цішыня і максімум засяроджанасці: як здаюць ЦЭ і ЦТ віцебскія школьнікі

26.05.2026

Разам з прадстаўнікамі дзяржкантролю карэспандэнты «Віцьбічаў» зазірнулі ва ўніверсітэцкія аўдыторыі, дзе навучэнцы здаюць цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне. Зібранасць, цішыня, максімальная засяроджанасць – так можна ахарактарызаваць атмасферу, якая там пануе.





Цэнтралізаваныя выпрабаванні ў Віцебскай вобласці праходзяць на высокім узроўні. Пра гэта паведаміў старшыня абласной камісіі па кантролі за ходам уступнай кампаніі, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі.

– Прадстаўнікі нашага кантрольнага ведамства працуюць ва ўсіх 22 пунктах, дзе праходзіць цэнтралізаваны экзамен, і ў чатырох пунктах, дзе арганізавана цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета па вобласці на цэнтралізаваныя выпрабаванні зарэгістравалася звыш 11 тысяч чалавек. Самым буйным па колькасці стаў пункт тэсціравання ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, дзе здаюць выпрабаванні амаль тры тысячы чалавек. І ў буйных, і ў невялікіх па колькасці пунктах створаны аднолькавыя ўмовы, усюды забяспечаны парадак, выконваецца адзіны стандарт – мэта стварыць для ўсіх роўныя ўмовы, забяспечыць аб'ектыўнасць.





Сярод новаўвядзенняў уступнай кампаніі 2026 года – стварэнне ўмоў для ўдзельнікаў з асаблівымі індывідуальнымі патрэбамі: яны дапускаюцца ў аўдыторыі са спецыялізаванымі прыладамі для кантролю стану здароўя.

Забаронена выносіць з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы, лісты для рабочых запісаў, пісьмовыя заўвагі і запісы на любым носьбіце. Нават здавалася б бяскрыўдныя пазнакі на руцэ ці іншай частцы цела лічацца парушэннем і будуць служыць падставай для анулявання вынікаў.



Навучэнец сярэдняй школы № 23 г. Віцебска імя А. Р. Тува́льскага Арцём Ваўчанін здаваў на цэнтралізаваных выпрабаваннях матэматыку. Ён падзяліўся, што разлічвае на вынік, набліжаны да 100 балаў.

– Я планую паступаць альбо ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, альбо ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на інжынерную спецыяльнасць. Раней для сябе я здаваў рэпетыцыйнае тэсціраванне па матэматыцы, фізіцы і рускай мове. Вынікі нядрэнныя, але хацелася б іх павысіць, для гэтага я шчыльна займаўся.



Дырэктар сярэдняй школы № 23 імя А. Р. Тува́льскага Наталля Забаўка распавяла, што цэнтралізаваныя выпрабаванні здаюць 30 яе навучэнцаў. Яны вывучалі прадметы на профільным павышаным узроўні і таму разлічваюць на высокія балы.



Выпускнікі сярэдняй школы № 38 г. Віцебска Алёна Гардон і Арцём Бараноўскі падзяліліся, што на цэнтралізаваных выпрабаваннях здавалі грамадазнаўства.

– Мы разлічваем, што кожны з нас набярэ мінімум 90 балаў, – сказала Алёна Гардон. – Я збіраюся паступаць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на спецыяльнасць «правазнаўства», а мой хлопец Арцём – у інстытут МУС у Магілёве па накіраванні ад Першамайскага РАУС. Ён ужо выканаў неабходныя нарматывы.







"Віцьбічы"