Сотні вернікаў сабраліся ў Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска на каляднае набажэнства
Шмат вернікаў прыйшло ў храмы, каб сустрэць найвялікшае свята, якое для праваслаўнага хрысціяніна з'яўляецца другім па значнасці – пасля Вялікадня. Разам са святкамі яго называюць лепшым часам для добрых спраў. Урачыстасці ў Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска 7 студзеня ўзначаліў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Былі зачытаны Калядныя пасланні Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, а таксама Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі павіншаваў прыхаджан са светлым святам міласэрнасці і дабра, якое дорыць асаблівае пачуццё радасці, надзеі і знамянуе вечнасць.
Павіншаваць духавенства і прыхаджан у храм прыйшлі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня гарвыканкама Аляксей Героеў і іншыя афіцыйныя асобы.
Кіраўнік паўночнага рэгіёна ўручыў архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю букет белых руж і звярнуўся з віншаваннем да прысутных, пажадаўшы міру і благадаці.
– З Раствам Хрыстовым нас усіх. Такія чароўныя святочныя дні снежнай зімы радуюць вока, прыемна пахадзіць па парках, паглядзець горад і выехаць за яго межы. Хачу пажадаць нам усім здароўя, шчасця, благадаці Божай, міру. Няхай гэтая зорка, якая загарэлася сёння ўночы і вяла валхвоў да нараджэння Хрыста, у кожнага з нас будзе сваёй, свеціць і ўказвае шлях, куды трэба ісці ў гэтым годзе, – звярнуўся да прыхаджан Аляксандр Субоцін.
Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый нагадаў, як важна выконваць запаведзі Божыя, шанаваць бацьку і маці, свае карані. Шмат што пераймаць ад дзядуляў і бабуль, якія прайшлі свой жыццёвы шлях і заўсёды з любоўю перадаюць вопыт сваім дзецям.
– Мы з вамі чытаем Біблію. Біблія – таксама гісторыя, але ўжо ў дзяржаўных адносінах, калі людзі, жывучы, павінны разумець, як правільна ўсё павінна быць, які напрамак выбіраць, як павінны працаваць над сабой. Вось гэту міласць Божую, любоў і радасць заўсёды несці і мець у сваім сэрцы. Радуйцеся, заўсёды радуйцеся, – заклікаў уладыка. – Мы напаўняем сваё сэрца любоўю да Госпада, паказваем любоў бліжнім сваім, ідзем па адведзеным шляху з радасцю.
Падчас малебна былі ўручаны царкоўныя ўзнагароды. Ад імя Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна ўзнагароджаны ордэнам Беларускай Праваслаўнай царквы свяціцеля Кірыла Тураўскага II ступені рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Аляксей Чуканаў.
Супрацоўнікі ВНУ былі прадстаўлены да ўзнагароджання граматамі і падзякамі Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.
Медалём Віцебскай епархіі «Святы Уладзімір пакутнік Віцебскі» I ступені ўдастоены намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Гуцуляк, медалём «Святы Уладзімір пакутнік Віцебскі» II ступені – галоўны спецыяліст упраўлення Іван Здзесеў.
Святочныя набажэнствы наведалі сотні чалавек, практычна для кожнага з якіх гэта традыцыя і магчымасць умацаваць сувязь пакаленняў.
– Вялікае свята, якое мы сустракаем разам: бабуля, унук, дзеці – усе з намі. А ў душы наогул заўсёды ўсе родныя і блізкія з намі. Гэта радасны дзень, у які ўсім хочацца пажадаць дабра і міру, – падзялілася Наталля Шытава.
Разам з ёй – сын Андрэй Шытаў з жонкай Уладзіславай і сямігадовым сынам Андрэем.
– Каляды – гэта заўсёды нагода сабрацца ўсёй сям'ёй. Традыцыйна гэты дзень у нас пачынаецца з наведвання храма. Сам паход у храм заўсёды душэўны, і гэта той стан душы, калі ты прыходзіш, можаш пабыць з сабой, парадавацца за ўсіх блізкіх, родных, памаліцца за мір ва ўсім свеце і здароўе. Прывучаем таксама малодшае пакаленне – перадаём традыцыю, – растлумачыў Андрэй Шчытоў. – І па нашай традыцыі мы збіраемся ў бабулі і дзядулі пакаштаваць традыцыйную страву. Ідзем есці дзядулеву мачанку і бабуліны бліны.