Археалагічная спадчына – важная састаўная частка ўсёй культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, якая мае ў першую чаргу велізарнае навуковае значэнне. У цяперашні час праваадносіны ў пытанні аховы археалагічнай спадчыны рэгулююцца у 17-й главе Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
Да археалагічнай спадчыны адносяцца:

Археалагічныя аб'екты – нерухомыя матэрыяльныя аб'екты і іх комплексы разам з археалагічнымі артэфактамі і культурным пластом, якія ўзніклі ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека больш за 120 гадоў таму, захаваліся ў зямлі або на дне вадаёмаў, маюць гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае культурнае значэнне і могуць адпавядаць крытэрыям для прыдання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Помнікі археалогіі – археалагічныя аб'екты і артэфакты, якім у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым дадзены статус можа быць прысвоены толькі вывучаным, а не проста выяўленым археалагічным аб'ектам.

Археалагічныя артэфакты – рухомыя матэрыяльныя аб'екты, якія ўзніклі ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека больш за 120 гадоў таму, захаваліся ў культурным пласце або на дне вадаёмаў, маюць гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае культурнае значэнне, могуць адпавядаць крытэрыям для прыдання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама на момант выяўлення не маюць уласніка.
Да археалагічных аб'ектаў адносяць:
- Астаткі ўмацаваных паселішчаў (старажытныя гарады, гарадзішчы, замкі).
- Астаткі неўмацаваных паселішчаў (стаянкі, паселішчы, асобныя жылыя дамы).
- Астаткі капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў).
- Астаткі культавых аб'ектаў (свяцілішчы, месцы ажыццяўлення абрадаў, манастыры, храмы).
- Крыжы, культавыя камяні, статуі, абэліскі.
- Курганы і наземныя могільнікі, асобныя пахаванні, некропалі, маўзалеі і іншыя пахаванні.
- Інфраструктура сухапутных, водных і водна-валокных шляхоў.
- Аб'екты іншага прызначэння, якія адпавядаюць крытэрыям археалагічнага аб'екта.
Ахова археалагічнай спадчыны – напрамак культурнай дзейнасці, які ўключае сістэму арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных і іншых мер, накіраваных на выяўленне археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў, іх вывучэнне, улік, захаванне, аднаўленне, утрыманне і выкарыстанне, ажыццяўляемых у мэтах зберажэння і прымнажэння археалагічнай спадчыны.
Усе археалагічныя артэфакты, якія выяўлены пры правядзенні археалагічных даследаванняў або выпадкова, падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць (ч. 2 арт. 124 Кодэкса аб культуры).
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняюцца набыццё, продаж, дараванне, абмен, заклад археалагічных артэфактаў, за выключэннем выпадкаў: набыцця, продажу, даравання, абмену, закладу археалагічных артэфактаў дзяржаўнымі музеямі (дзяржаўным музеям) і дзяржаўнымі навуковымі арганізацыямі (дзяржаўным навуковым арганізацыям); набыцця, продажу, даравання, абмену, закладу археалагічных артэфактаў, якія на 18 сакавіка 2016 года знаходзіліся ва ўладанні грамадзян і юрыдычных асоб і ўключаны ў рэестр археалагічных артэфактаў, сфарміраваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Улік археалагічнай спадчыны ажыццяўляецца праз уключэнне выяўленых рухомых і нерухомых аб'ектаў у Рэестр археалагічных артэфактаў і Рэестр археалагічных аб'ектаў, вядзенне якіх ажыццяўляецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (Інстытутам гісторыі НАН Беларусі).
Пошук археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў можа ажыццяўляцца толькі пры правядзенні археалагічных даследаванняў на падставе дазволу на права правядзення археалагічных даследаванняў, які выдаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Дазвол ва ўстаноўленым парадку могуць атрымаць толькі асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці "археалогія" ці "гісторыя (археалогія)", валодаюць навуковымі практычнымі ведамі, неабходнымі для правядзення археалагічных даследаванняў і падрыхтоўкі навуковай справаздачы аб выкананых археалагічных палявых работах, маюць практыку ўдзелу ў археалагічных даследаваннях на працягу не менш за два гады ў сукупнасці незалежна ад тэрмінаў перапынку.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забаронена выкарыстанне металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для пошуку археалагічных аб'ектаў і (або) археалагічных артэфактаў, за выключэннем выпадкаў выкарыстання названага абсталявання грамадзянінам, на імя якога выдадзены дазвол на права правядзення археалагічных даследаванняў, і ўдзельнікамі археалагічных даследаванняў (ч.7. арт. 127 Кодэкса аб культуры). За незаконны пошук археалагічных артэфактаў прадугледжана адміністрацыйная, а ў выпадку пашкоджання помнікаў археалогіі і археалагічных аб'ектаў, крымінальная адказнасць.
Выпадковае выяўленне археалагічных аб'ектаў і артэфактаў прадугледжвае наступныя дзеянні грамадзян, юрыдычных асоб і мясцовых органаў улады. Асоба, якая выпадкова выявіла ў зямлі ці на дне прыродных і штучных вадаёмаў рухомы ці нерухомы матэрыяльны аб'ект, які можа мець гістарычнае, мастацкае, навуковае ці іншае культурнае значэнне, абавязана:
- прыняць меры па яго захаванні;
- неадкладна прыпыніць работы ці іншую дзейнасць, якая можа аказаць на яго ўздзеянне;
- не пазней за два каляндарныя дні з дня яго выяўлення пісьмова паведаміць мясцовы выканаўчы і распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню і ў выпадку выяўлення рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці перадаць яе ў гаррайвыканкам на часовае захоўванне.
Пiсьмовое паведамленне аб выпадковым выяўленнi архeалагiчнага аб'екта цi артефакта павiнна ўключаць: прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку (пры яго наяўнасцi), месца жыхарства грамадзянiна, iндывiдуальнага прадпрымальнiка, або назву i месца знаходжання юрыдычнай асобы, якая выявіла матэрыяльную культурную каштоўнасць; звесткi аб месцы выяўлення рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi; звесткi аб месцы знаходжання нерухомай матэрыяльнай каштоўнасцi.
Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, якi атрымаў пiсьмовае паведамленне аб прафесiйным выяўленнi архeалагiчнага аб'екта цi архeалагiчнага артефакта, ажыццяўляе наступныя дзеяннi:
- не пазней за два каляндарныя днi з дня атрымання пiсьмовага паведамлення накiроўвае iнфармацыю аб выяўленай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi ў абласную вiкарыю па архeалагiчных аб'ектах i архeалагiчных артефактах (на адрас упраўлення культуры Вiцебскага аблвыканкама) для прыняцця рашэння аб аднясеннi культурнай каштоўнасцi да архeалагiчнага аб'екта цi артефакта;
- не пазней за тры каляндарныя днi з дня атрымання пiсьмовага паведамлення iнфармуе Нацыянальную акадэмiю навук Беларусi (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) аб выяўленнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi;
- у выпадках наяўнасцi ў гэтай культурнай каштоўнасцi адметных духоўных, мастацкiх i дакументальных вартасцей або яе аднясення да архeалагiчнага артефакта прымае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць па акце прыёму-перадачы;
- не пазней за сем каляндарных дзён з дня атрымання пісьмовага паведамлення аб прафесійным або выпадковым выяўленні нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці ажыццяўляе яе агляд і складае акт агляду.
- не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня атрымання пісьмовага паведамлення аб прафесійным або выпадковым выяўленні нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці вызначае часовы рэжым утрымання гэтай культурнай каштоўнасці з указаннем тэрміну яго дзеяння і ў выпадку прыпынення работ або іншай дзейнасці на нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якія могуць аказаць на яе ўздзеянне, у сувязі з яе выяўленнем вызначае перыяд часу, на які такія работы або іншая дзейнасць прыпыняюцца;
- перадае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць у выпадку яе аднясення да архeалагiчнага артефакта ў дзяржаўны музей.
Падчас правядзення земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ для недапушчэння разбурэння помнікаў і аб'ектаў археалогіі прадугледжваецца іх вывучэнне як на этапе праектных вышуканняў, так і на этапе будаўніцтва аб'ектаў. У адпаведнасці з артыкулам 129 Кодэкса аб культуры выкананне земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб'ектаў дазваляецца па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, якое заснавана на адпаведным заключэнні НАН Беларусі, толькі пасля распрацоўкі мер па ахове археалагічных аб'ектаў.
Меры па ахове археалагічных аб'ектаў уключаюцца ў праектную дакументацыю на выкананне такіх работ на тэрыторыі археалагічных аб'ектаў. Праектная дакументацыя на выкананне земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб'ектаў, за выключэннем помнікаў археалогіі, падлягае ўзгадненню з НАН Беларусі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах. Падрабязна інфармацыя аб дадзеных адміністрацыйных працэдурах прадстаўлена на сайце Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Пералік мер па ахове археалагічных аб'ектаў пры выкананні земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб'ектаў прадугледжаны артыкулам 130 Кодэкса аб культуры. Прыняцце тых ці іншых мер залежыць ад канкрэтнага археалагічнага аб'екта і вызначаецца на стадыі падрыхтоўкі праектнай дакументацыі. У адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах пры распрацоўцы праектнай дакументацыі неабходна звярнуцца ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі для выдачы заключэння аб адсутнасці на тэрыторыі правядзення земляных і будаўнічых работ археалагічных аб'ектаў або неабходнасці прыняцця мер па іх ахове.
Пры наяўнасці на тэрыторыі правядзення земляных і будаўнічых работ археалагічных аб'ектаў у заключэнні Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўтрымліваюцца звесткі аб неабходнасці прыняцця канкрэтных мер па іх ахове і вызначаны расходы на іх фінансаванне. Пры гэтым расходы на забеспячэнне распрацоўкі і фінансавання мер па ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных, будаўнічых і іншых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб'ектаў ажыццяўляюцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія з'яўляюцца заказчыкамі такіх работ.
Парушэнне заканадаўства аб ахове археалагічнай спадчыны прадугледжвае адміністрацыйную і крымінальную адказнасць.
Пры парушэнні парадку правядзення земляных работ на помніках археалогіі або ў межах зоны аховы культурнага пласта іншых аб'ектаў спадчыны, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адказнасці па наступных артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь:
Артыкул 20.2. ”Парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях альбо здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гісторыка-культурным каштоўнасцям“;
Артыкул 20.4. ”Парушэнне рэжымаў утрымання і (або) выкарыстання зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей“.
У выпадку знішчэння, пашкоджання альбо страты гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (да гэтай катэгорыі адносяцца ўсе археалагічныя аб'екты) вінаватая асоба павінна быць прыцягнута да адказнасці па арт. 20.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (санкцыя: накладанне штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад дваццаці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да пяцісот базавых велічынь).
Адказнасць за незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў прадугледжана ў арт. 20.3 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь: Пошук археалагічных артэфактаў, ажыццяўляемы без дазволу на право правядзення археалагічных даследаванняў, – цягне накладанне штрафу ў размеры ад пятнаццаці да пяццідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністратыўнага правапарушэння, прыладаў і сродкаў здзяйснення адміністратыўнага правапарушэння або без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў. Набыццё, продаж, дарэнне, мена, залога археалагічных артэфактаў у выпадках, забароненых заканадаўчымі актамі, пры адсутнасці прыкмет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці – цягнуць накладанне штрафу ў размеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністратыўнага правапарушэння.
Дзеянні па наўмысным правядзенні зямельных і іншых работ(у тым ліку незаконны пошук археалагічных артэфактаў на археалагічных аб’ектах і помніках), якія прывялі да пашкоджання культурнага пласта і страты ім навуковага значэння з-за перамешвання слаёў, змяшчаюць склад злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ў арт. 344 Уголаўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або арыштам, або абмежаваннем свабоды на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін).
Незаконныя раскопкі курганоў і іншых старынных пахаванняў, з мэтай выяўлення з іх археалагічных артэфактаў, што знаходзяцца ў пахаванні, змяшчаюць склад злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ў арт. 347 Уголаўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем свабоды на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін).