Сумеснае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама: на Віцебшчыне ў барацьбе з пустазеллем акцэнт зробяць на тры раёны

У Віцебскай вобласці ў барацьбе з баршчэўніком Сасноўскага сёлета асаблівую ўвагу трэба надаць Віцебскаму, Гарадоцкаму і Ушацкаму раёнам, дзе выяўлены найбольшыя плошчы яго росту. Такі наказ паставіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама.

На барацьбу з баршчэўнікам у рэгіёне з мясцовых бюджэтаў будзе накіравана Br640 тыс. Уласныя сродкі землекарыстальнікаў складуць больш за Br360 тыс. Фінансаванне мерапрыемстваў з рэспубліканскага бюджэту чакаецца ў памеры Br680 тыс. "Гэта вялікія грошы. Мы павінны дакладна разумець, на што іх выдаткуем, і размеркаваць на тры найбольш праблемныя раёны", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. Разам з тым, сур'ёзная ўвага да выканання мерапрыемстваў па барацьбе з баршчэўнікам павінна захавацца і ў іншых раёнах, дадаў ён.

Выкананне ўсіх работ, на думку кіраўніка вобласці, варта даверыць у адны рукі - упраўленню МНС, якое прадэманстравала высокую эфектыўнасць і якасць пры выкананні мерапрыемстваў, супрацоўнікі маюць неабходнае абсталяванне.

Мікалай Шарстнёў звярнуў увагу, што ў папярэднія гады праведзена вялікая праца - плошчы росту баршчэўніку сур'ёзна зменшыліся.

Як паведаміў старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў, прымаемыя меры па апрацоўцы баршчэўніку хімічным метадам на працягу апошніх 2-3 гадоў дазволілі аднесці больш за 800 га тэрыторый да патэнцыйна ачышчаных. Сёлета трэба будзе правесці работы на плошчы 3,9 тыс. га. Цяпер у раёнах праводзяцца тэндары на закупку гербіцыдаў і вызначаюцца выканаўцы мерапрыемстваў.

БЕЛТА.