Сумеснае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама: асаблівую ўвагу надаць стану сельгасаб'ектаў, абыходжанню з камунальнымі адходамі, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак
У Віцебскай вобласці на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі ў сельскіх населеных пунктах за мінулы год накіравалі больш Br31 млн, у тым ліку Br17,2 млн з абласнога бюджэту. Пра гэта паведаміў сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў.
Паводле яго слоў, у добраўпарадкаванні ўдзельнічалі арганізацыі ЖКГ, дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы, прадпрыемствы, якія абслугоўваюць аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі, электрычныя сеткі, меліярацыйныя сістэмы, сельскагаспадарчыя аб'екты. Дапамогу аказвалі шэфствуючыя арганізацыі, замацаваныя за сельскімі населенымі пунктамі. Іх уклад у агульную справу склаў Br2,6 млн уласных сродкаў. "Важная роля ў вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі належыць таксама мясцовым органам улады і Саветам дэпутатаў", - падкрэсліў Віктар Галанаў.
Касаючыся асноўных дасягнутых вынікаў, ён адзначыў, што дзякуючы агульным намаганням ператварыўся шэраг населеных пунктаў вобласці: Бегамль Докшыцкага раёна, Богушэўск Сенненскага раёна, Кіраўская і Мазалава Віцебскага раёна, Бігасава Верхнядзвінскага раёна, Навасёлкі Пастаўскага раёна, Бароўка Лепельскага раёна і іншыя. Значны аб'ём работ да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2019" выкананы ў Браслаўскім раёне. У сельскагаспадарчы абарот уцягнута больш за 530 га неэфектыўна выкарыстоўваемых і пустуючых земляў. Знесена больш за 600 пустуючых і старых дамоў. Арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі адрамантавалі 223 тыс. кв.м дарожнага пакрыцця вуліц і праездаў. Дарожныя арганізацыі палепшылі пакрыццё 227 км дарог, уладкавалі больш за 1 тыс. прыпынкаў грамадскага транспарту. Многія аграгарадкі і пасёлкі ўпрыгожылі малыя архітэктурныя формы.
Разам з тым шмат яшчэ трэба зрабіць з улікам таго, што 2020 год - завяршальны ў трылогіі Года малой радзімы, адзначыў Віктар Галанаў. Асаблівую ўвагу, на яго думку, трэба надаць стану сельгасаб'ектаў, абыходжанню з камунальнымі адходамі, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак, аптымізацыі колькасці міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў у сельскай мясцовасці. У вясновы перыяд асноўныя намаганні неабходна засяродзіць на барацьбе з боршчэўнікам Сасноўскага.