Сумеснае пасяджэнне прэзідыума аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў: абмеркаваны вынікі бягучага года і планы на будучы

Наступны год, які завяршае чарговую пяцігодку, павінен стаць для Віцебскай вобласці перыядам не толькі стабілізацыі эканамічнага жыцця, але і выхаду на апярэджваючы рост па асноўных паказчыках развіцця і забеспячэння іх якаснага напаўнення. Рабіць гэта трэба ва ўмовах фінансавай эканоміі з апорай на ўласныя сілы, максімальна ўключаючы наяўныя рэзервы і выкарыстоўваючы магчымасці, якія дазваляюць раёнам прагрэсаваць.

Пра гэта ішла размова на сумесным пасяджэнні аблвыканкама і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, прысвечаным абмеркаванню папярэдніх вынікаў 2019 года і планаў на 2020-ы. Як адзначыла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, сёння ў вобласці створаны неабходныя ўмовы для забеспячэння ўстойлівага развіцця. Як следства, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ніжэйшы за дапушчальнае значэнне, зніжаецца каэфіцыент напружанасці на рынку працы. Расце ўзровень зарплаты і паступленні ў бюджэт, а індэкс спажывецкіх цэн не перавышае парогавыя значэнні і сярэднерэспубліканскі ўзровень.

Тым не менш уклад гар- і райвыканкамаў у напаўненне абласнога «каравая» прагнозных паказчыкаў адрозніваецца. Напрыклад, пры аднолькавых умовах гаспадарання ў Бешанковіцкім раёне цалкам выконваецца матрыца задач, якая мабілізуе вертыкаль улады на дасягненне канкрэтных вынікаў, у Докшыцкім — чатыры з пяці паказчыкаў, усяго па адным — у васьмі раёнах. Пры гэтым у разрэзе пяцігадовых планаў няма ніводнага раёна, які б забяспечваў заданне па ўсіх прагнозных паказчыках.

Таму старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў запатрабаваў ад кіраўнікоў на месцах у 2020 годзе выбудаваць працу так, каб не толькі шукаць дадатковыя магчымасці развіцця, дзейнічаючы ўдумліва і неардынарна, але і максімальна шырока ўключаць у паступальны рух наперад наяўныя пад рукой рэзервы. Пры гэтым галоўнымі з іх застаюцца павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, нарошчванне аб'ёмаў выпуску і рэалізацыі прадукцыі.

— Без вытворчасці не будзе напаўняцца бюджэт, адпаведна, затармозіцца ўдасканаленне сацыяльнай сферы, без якой немагчыма забяспечыць спрыяльную дэмаграфічную сітуацыю. Таму даручаю камітэту эканомікі давесці кожнаму раёну такія прагнозныя паказчыкі на 2020-ы, якія кампенсуюць адставанне, дапушчанае ў ранейшыя гады, — сказаў Мікалай Шарснёў.

Акрамя таго, у ліку незадзейнічаных крыніц росту — ліквідацыя запазычанасці перад мясцовым бюджэтам, уцягванне ў абарот прастойваючай нерухомасці і актывізацыя продажу зямельных участкаў, павышэнне эфектыўнасці расходавання рэсурсаў, у тым ліку за кошт аптымізацыі структуры атрымальнікаў дзяржпадтрымкі. Кіраўнік вобласці заклікаў кіраўніцтва раёнаў сур'ёзна ўключыцца ў барацьбу за гранты розных еўрапейскіх фондаў і структур — гэта патэнцыйная крыніца рэалізацыі інфраструктурных і сацыяльных праектаў у рэгіёнах.

Для дадатковай матывацыі вертыкалі ўлады на пошук і рэалізацыю рэзерваў росту старшыня аблвыканкама прыняў рашэнне зарэзерваваць каля 15% даходнай часткі бюджэту вобласці. Гэтыя сродкі прадугледжваецца накіраваць на капітальныя выдаткі па праектах, якія закладваюць фундамент развіцця на доўгую перспектыву. Пры гэтым на месцах трэба будзе вырашаць праблему пашырэння даходнай базы мясцовых бюджэтаў якраз за кошт незадзейнічаных крыніц.

— Да канца года ў рэгіёнах трэба прааналізаваць кожны паказчык сацыяльна-эканамічнага развіцця, выканаць работу над памылкамі і выявіць магчымасці выпраўлення сітуацыі. Не забывайце, што наш галоўны рэзерв — гэта эфектыўная эканоміка, — нагадаў кіраўнікам Мікалай Шарснёў.

Па словах Анжалікі Нікіцінай, найбольшы рост эканомікі забяспечваюць вытворчасць і пастаўкі на знешнія рынкі інавацыйнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Пры гэтым павінен застацца ў мінулым сыравінны экспарт, які за апошнія тры гады вырас амаль удвая і займае больш за 60% у абласным паказчыку. У 2019 годзе траціна прадукцыі, адгружанай прадпрыемствамі Віцебшчыны за мяжу, адносіцца да высокатэхналагічнай, а геаграфія іх паставак пашырана да 56 краін.

Яшчэ адным важным рэзервам развіцця эканомікі і павышэння яе эфектыўнасці, папаўнення бюджэту і паляпшэння дабрабыту жыхароў рэгіёна з'яўляецца малы і сярэдні бізнес. На Віцебшчыне паступленні даходаў ад плацельшчыкаў гэтага сектара ў 2019 годзе выраслі на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га. У цэлым захоўваецца тэндэнцыя росту колькасці суб'ектаў малога бізнесу. Аднак юрыдычных асоб рэгіструецца столькі ж, колькі ліквідуецца, а гэта — зона адказнасці мясцовых улад, якія павінны ствараць умовы для абуджэння і рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян. Малы бізнес з'яўляецца надзейнай крыніцай дадатковых працоўных месцаў, але цяпер Віцебшчына ўпершыню за гады бягучай пяцігодкі не выконвае заданне па працаўладкаванні грамадзян за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў, нагадала Анжаліка Нікіціна.

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч звярнуў увагу на сітуацыю ў станкабудаўнічай галіне, прадпрыемствы якой некалі фарміравалі рэгіёну прывабны імідж, а сёння патрабуюць павышанай увагі і нестандартных кіраўніцкіх рашэнняў. Анжаліка Нікіціна растлумачыла, што для гэтага неабходна індывідуальна разабрацца з кожнай арганізацыяй і, вывучыўшы іх праблемы і магчымасці, выпрацаваць падыходы для стварэння ў перспектыве адзінай сістэмы кіравання галіной на ўзроўні рэгіёна.

Да канца года кіраўнікам варта дапрацаваць пералікі перспектыўных інвестыцыйных праектаў для таго, каб забяспечыць выкананне ў 2020 годзе павышаных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Трэба будзе забяспечыць тэмпы росту: прамысловай вытворчасці — 107,6%, прадукцыі сельскай гаспадаркі — 111%, аб’ёму рознічнага тавараабароту — 105,5%, будаўніча-мантажных работ — 115,7%, інвестыцый у асноўны капітал — 114,4%. Задачы рэальныя, і толькі так магчыма забяспечыць выкананне планаў пяцігадовага развіцця, канстатавала Анжаліка Нікіціна.

"Віцебскія весці".