Стартавала акрэдытацыя ўдзельнікаў XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

Стартовала аккредитация участников XXXV Международного фестиваля искусств «Славянский базар в Витебске»

Стартавала акрэдытацыя ўдзельнікаў XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

13.07.2026

Больш за 7 тысяч чалавек атрымаюць акрэдытацыю на юбілейны фестываль. На сённяшні дзень ужо каля 1600 удзельнікаў гуляюць па Віцебску ў чаканні пачатку працы форуму.

Па словах кіраўніка службы рэгістрацыі Любові Аліярнік, на фестываль ужо акрэдытаваны некаторыя зоркі.

– Акрэдытацыі атрымалі Ілона Браневіцкая, члены журы і ўдзельнікі VIII Міжнароднага танцавальнага праекта «DREAM DANCE FEST», Маскоўскі драматычны тэатр «МОДЕРН», а таксама шматлікія харэаграфічныя і вакальныя калектывы, – адзначыла Любоў Аліярнік. – З нагоды юбілейнага фестывалю кожнаму 35-му зарэгістраванаму ўдзельніку наша служба дорыць прыемны «васільковы» сувенір.

Уладальнікам компліменту ад арганізатараў стала і наш карэспандэнт Ірына Смірнова.

– Гэта мой 7-ы фестываль. Кожны раз арганізатары знаходзяць спосаб здзівіць. Падарунак у гонар 35-годдзя «Славянскага базару» стаў для мяне прыемным знакам увагі. Сем гадоў – гэта ўжо не дэбют, але я зноў адчуваю той самы перадсвяточны трэпет. Упэўнена, юбілейны фестываль падорыць гледачам і ўдзельнікам мора шчырай радасці, – падкрэсліла Ірына Смірнова.

Удзельніца ўзорнай студыі сцэнічнага майстэрства «Арт-праект» Сафія Лазука ад юбілейнага фестывалю чакае вялікую колькасць яркіх момантаў, якія ўвойдуць у гісторыю «Славянскага базару».

– Не першы год атрымліваю акрэдытацыю ўдзельніка. Для мяне гэта заўсёды хвалюючы момант. Упэўнена, юбілейны фестываль знойдзе, чым здзівіць жыхароў і гасцей горада. Я ж гатова зараджацца станоўчымі эмоцыямі ад фестывальнага лета, – сказала Сафія Лазука.

Выпускніца Медыалабараторыі Віцебскай вобласці Ганна Аржанік упершыню атрымала запаветную акрэдытацыю.

– З хваляваннем чакаю юбілейны фестываль. Прыемна стаць часткай такой маштабнай падзеі, нажыва ўбачыць многіх зорак сусветнай эстрады, пазнаёміцца з закуліссем «Славянскага базару». Разумею, якая адказнасць кладзецца на мае плечы, таму крыху перажываю. Для мяне, як для будучага журналіста, гэта каштоўны досвед, які дапаможа ў далейшай прафесійнай дзейнасці, – адзначыла Ганна Аржанік.

"Віцебскія весці"