Старонкі гісторыі Віцебскай транспартнай пракуратуры

Спецыялізацыя органаў пракуратуры ў галіне нагляду за выкананнем законаў на транспарце пачалася з 1922 года. У палажэнні аб пракурорскім наглядзе змяшчаліся патрабаванні, якія прад'яўляліся да ваеннай і агульнай пракуратуры па выкананні законаў на чыгуначным і паветраным транспарце.


Да 20.06.1936, г.зн. да ўтварэння Наркамюста СССР, функцыі пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства на транспарце былі ўскладзены на тэрытарыяльных пракурораў. А ў гады Вялікай айчыннай вайны і пасля яе заканчэння, аж да 1948 года, нагляд за законнасцю на транспарце ажыццяўлялі ваенныя пракуроры Беларускай і Брэст-Літоўскай чыгуначных дарог. Першая з іх размяшчалася ў Гомелі, а другая – у Баранавічах.

Загадам Генеральнага пракурора СССР ад 15.09.1951 пракуратура Брэст-Літоўскай чыгуначнай дарогі была перайменавана ў пракуратуру Мінскай чыгуначнай дарогі з размяшчэннем у сталіцы рэспублікі. У яе склад уваходзілі чатыры падраздзяленні: пракуратура Мінскага, Баранавіцкага, Брэсцкага і Гродзенскага участкаў. З 20.08.1957 перайменавана ў Беларускую транспартную пракуратуру і ў штат уключана пракуратура Віцебскага ўчастка Калінінскай чыгуначнай дарогі.

Па Указанні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 03.03.1960 «Аб скасаванні транспартных пракуратур», загадам Генеральнага пракурора СССР №22 ад 10.03.1960 Беларуская транспартная пракуратура была ліквідавана і яе функцыі перададзены Пракуратуры БССР.

У выніку працяглага аналізу склаўшайся сітуацыі, Генеральны пракурор СССР 03.09.1976 выдаў загад №480-л «Аб арганізацыі транспартных пракуратур». За кошт рэзерву Пракуратуры СССР былі арганізаваны Брэсцкая, Баранавіцкая, Віцебская, Гомельская, Мінская і Магілёўская транспартныя пракуратуры, а ў наступстве яшчэ Гродзенская і Аршанская.

Загадам Генеральнага пракурора СССР №46 ад 05.11.1980 утворана Беларуская транспартная пракуратура, якая праіснавала без малога 34 гады. Пракуратура ліквідавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №463 ад 01.10.2014, з

перадачай яе функцый Генеральнай пракуратуры і пракуратурам абласцей, і перападпарадкаваннем пракуратурам абласцей спецыялізаваных транспартных пракуратур.

Першым Віцебскім транспартным пракурорам загадам Пракурора БССР №120-к ад 08.10.1976 прызначаны Дамашэўскі Леанід Паўлавіч.

Сёння Віцебскую транспартную пракуратуру ўзначальвае Царыкаў Аляксандр Анатольевіч, які працуе ў гэтай пракуратуры з 1994 года, спачатку на пасадзе памочніка пракурора, затым - намеснікам.

Сваю кар'ерную лесвіцу Царыкаў А.А. будаваў з 1983 года. Спачатку працаваў стажорам памочніка пракурора г. Оршы, а крыху пазней следчым пракуратуры Аршанскага раёна. У 1985 годзе прызначаны на пасаду старэйшага следчага пракуратуры Віцебскай вобласці. Быў прызваны і праходзіў службу старэйшым следчым ваеннай пракуратуры Ташкенцкага гарнізона Туркестанскай ваеннай акругі. У 1988 годзе вярнуўся на родную Віцебшчыну, дзе зноў устаў у шэрагі следчых пракуратуры Віцебскай вобласці, затым працаваў намеснікам пракурора Віцебскага і Першамайскага раёнаў.

У ліпені 2017 года на пасаду намеснікa Віцебскага транспартнага пракурора прызначаны Дзядзюра Пётр Васільевіч, які да гэтага больш за 15 гадоў узначальваў Аршанскую транспартную пракуратуру, ліквідаваную Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №200 ад 31.05.2017.

Таксама ў Віцебскай транспартнай пракуратуры працуюць "пракурорскія" ў другім пакаленні - Сашчэка Міхаіл Аляксандравіч на пасадзе намеснікa пракурора і Казакова Алена Аляксандраўна – старэйшы памочнік пракурора. Іх бацькі аддалі больш за 35 гадоў службе ў органах пракуратуры. Больш таго, брат Сашчэкі М.А. да ўтварэння Следчага камітэта таксама працаваў спачатку следчым пракуратуры Шумілінскага раёна, а затым і следчым Віцебскай транспартнай пракуратуры.

На пасадзе памочніка Віцебскага транспартнага пракурора працуе Кубракоў Дзмітрый Уладзіміравіч, які адказвае за выкананне заканадаўства і законнасць прававых актаў у Аршанскім транспартным рэгіёне.

У пракуратуры пачаў сваю працоўную дзейнасць малады, энергічны, які падае вялікія надзеі Рыжко ІванАляксандравіч, які паспявае і працаваць, і прымаць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці пракуратуры Віцебскай вобласці.

Без лішняй сціпласці Віцебскую транспартную пракуратуру можна назваць «кавальняй кадраў». У пракуратуры адточвалі сваё майстэрства будучы пракурор Глыбоцкага раёна, намеснік пракурора г.Віцебска, а таксама работнікі, якія займаюць адказныя пасады ў пракуратуры Віцебскай вобласці і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Старшы памочнік Віцебскага
транспартнага пракурора
малодшы саветнік юстыцыі Е.А. Казакова