Стратэгіі інвестыцыйнага развіцця павінны распрацаваць гаррайвыканкамы Віцебскай вобласці

Да канца лета гарадскія і раённыя выканкамы павінны распрацаваць стратэгіі інвестыцыйнага развіцця і прывесці ў парадак інструменты працы з замежнымі партнёрамі. У сваю чаргу аблвыканкам абавязваецца ўзмацніць актыўнасць па прасоўванні інтарэсаў рэгіёна, наладжванні эфектыўнага ўзаемадзеяння з цэнтрам і лабіраванні ўмоў для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці Віцебшчыны.


Пра гэта ішла размова на пасяджэнні аблвыканкама, падчас якога аналізавалася праца рэгіянальных уладаў па прыцягненні інвестыцыйных рэсурсаў. Як адзначыў кіраўнік вобласці Мікалай Шарстнёў, сёння гэтае пытанне набывае архіважнае значэнне і наўпрост уплывае на становішча ў той ці іншай галіне, сферы жыццядзейнасці.

І рэспубліканскія ўлады, і аблвыканкам, і органы кіравання ў раёнах супольна вырашаюць задачу па пошуку інвестараў. Так што збой у працы любога звяна ў гэтым ланцужку, парушэнне камунікацый па вертыкалі ўлады негатыўна адбіваецца на агульным выніку.

Гэты тэзіс адрасаваны кіраўнікам раёнаў, якія прысутнічалі ў зале, а таксама вялікай групе прадстаўнікоў рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў на чале са старшынёй КДК Леанідам Анфімавым і кіраўніком Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Папковым.

Карыстаючыся выпадкам, Мікалай Шарстнёў завастрыў увагу сталічных гасцей на якасці каардынацыі дзейнасці цэнтра і рэгіёна, якая не задавальняе кіраўнікоў вобласці.

– На жаль, сёння нас не чуюць ва ўрадзе, у тым ліку пры прыняцці рашэнняў, якія павінны адпавядаць інтарэсам Віцебшчыны, – канстатаваў кіраўнік вобласці. І прывёў у прыклад сітуацыю з рэспубліканскімі прамысловымі прадпрыемствамі, якія размешчаны ў рэгіёне.

На фоне росту інвестыцыйнай актыўнасці камунальных арганізацый і прыватных кампаній зніжаюцца аб'ёмы прыцягнення сродкаў па суб'ектах гаспадарання, падпарадкаваных цэнтру. Пры гэтым найбольшае скарачэнне інвестыцый адзначаецца па арганізацыях Мінэнерга і канцэрна «Белнафтахім», на якія прыпадае 60% ад аб'ёму ўкладанняў па рэспубліканскіх прадпрыемствах. З улікам такой тэндэнцыі аблвыканкам ініцыяваў перадачу з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць групы прадпрыемстваў, дзе становішча найбольш цяжкае. Гэта дазволіць на месцы вырашаць вытворчыя пытанні і праблемы работнікаў. Тым не менш ужо 1,5 года ініцыятыва застаецца без руху. Фактычнае двух уладдзе для такіх арганізацый нічога добрага не абяцае.

Зрэшты, асноўная частка абмеркавання тычылася аналізу ўласных інвестыцыйных недапрацовак і фарміравання прапаноў па іх выпраўленні.

Як паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, пакуль ні ў адным раёне да канца не вырашаны пытанні арганізацыі дзейнасці па пошуку інвестараў, распрацоўкі бізнес-планаў праектаў у камерцыйнай і сацыяльнай сферах, у тым ліку для ўключэння ў дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы, правядзення прэзентацыі прапаноў на міжнародным узроўні для прыцягнення старонніх партнёраў.

З 2009 года пры аблвыканкаме дзейнічае рабочая група па рабоце з інвестарамі, штогод фарміруецца пералік асноўных інвестпраектаў, падтрымліваецца ў актуальным стане база невыкарыстоўванай маёмасці для уцягвання ў абарот, ёсць дадзеныя па зямельных участках для патэнцыйных інвестараў. Разам з тым толькі райвыканкам лепш ведае, як і на якіх умовах можна хутка і эфектыўна рэалізаваць праект на яго тэрыторыі, пры гэтым забяспечыць выкананне экалагічных і санітарных нормаў, прапанаваць патэнцыйнаму партнёру найбольш кваліфікаваныя праектныя і будаўнічыя арганізацыі.

– Перш чым запрасіць інвестара, трэба самастойна прапрацаваць праект з усімі службамі і ведамствамі, – нагадаў Алег Мацкевіч. – Тады ўдасца пазбегнуць сітуацый, з-за якіх даводзіцца разрываць інвестдагаворы або перавышаць тэрміны рэалізацыі.

Пакуль жа такія прыклады адзначаюцца паўсюдна. Акрамя таго, сёння ў дзевяці раёнах не рэалізуецца ніводзін праект на ўмовах інвестдамовы, яшчэ ў шасці пратэрмінаваны на 1,5-2 гады. Вядома, у многіх выпадках інвестары самі апынуліся не гатовыя ўвасобіць у жыццё ўласныя ідэі, а часам хацелі проста замацаваць перспектыўны зямельны ўчастак. Іншымі словамі, мясцовым уладам трэба шукаць больш сур'ёзных партнёраў. Ёсць пытанні і да якасці прапаноў, у тым ліку зместу матэрыялаў інвестыцыйнай накіраванасці, размешчаных на сайтах гар - райвыканкамаў.

Сяргей Анто́наў, \"Віцебскія весці\".