Суб'ектам прафілактыкі злачынстваў Браслаўскага раёна дадзена станоўчая ацэнка

У мінулым годзе на Браслаўшчыне быў адзначаны рост злачынстваў, у тым ліку забойстваў. Таму ў канцы лютага па ініцыятыве пракуратуры Віцебскай вобласці ў раёне праводзілася комплексная праверка работы суб'ектаў прафілактыкі. У рабочую групу, якую ўзначаліў намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір ГУК, уваходзілі супрацоўнікі абласной пракуратуры, УУС і МНС.

Правяралася работа саветаў АПАУ, ЦРБ, аддзела адукацыі, спорту і турызму, РАУС, РАНС і іншых службаў. Прайшлі адначасовыя пасяджэнні саветаў АПАУ у г. Браславе і ўсіх сельскіх саветах, на якіх прысутнічалі супрацоўнікі пракуратуры вобласці, УУС, МНС. Асноўная ўвага надавалася таму, як саветы працуюць з людзьмі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Пры гэтым была разгледжана максімальная колькасць такіх асоб – 120 чалавек.

Так, Уладзімір Гук разам з рабочай групай наведаў пасяджэнне савета АПАУ у Апсаўскім сельсавеце. На яго былі запрошаны 13 мясцовых жыхароў, якія адрозніваюцца безадказнасцю і амаральнымі паводзінамі. Адны з іх маюць судзімасць, іншыя вядуць такі лад жыцця, які можа прывесці іх за краты, трэція ўжо бывалі ў ЛПП і зноў у кроку ад гэтага. Многія з запрошаных і раней бывалі на падобных пасяджэннях, з імі праводзілася прафілактычная работа. Аднак не заўсёды гэта дапамагала падняць іх з дна, на якое яны апусціліся.

Лёс кожнага запрошанага У. Гук разбіраў дэталёва, даваў парады, настаўленні. Як правіла, усе гэтыя людзі злоўжываюць алкаголем, у іх адсутнічае сорам перад сям'ёй. Аднак, на думку намесніка пракурора, на падобных пасяджэннях многія пачынаюць усведамляць сваё

паводзіны і спрабуюць выправіць сітуацыю. Бывае і так, што грамадскае асуджэнне не дае неабходнага эфекту, тады дарога толькі адна – прымусовае накіраванне ў ЛПП.

Вось і сярод запрошаных на савет былі розныя людзі. Напрыклад, маці 3 дзяцей, якая сцвярджала, што гэта было толькі адзін раз і больш такое не паўторыцца. На пасяджэнні савета яна разглядалася ўпершыню, дзеці знаходзяцца пад кантролем, у доме парадак і здавальняючая пажарная абстаноўка. На першы раз жанчыне паверылі, аднак, калі такое паўторыцца, пакаранне будзе сур'ёзным.

Асабліва палохае тое, што сярод запрошаных – людзі, якім крыху за 30 гадоў. Вось і адзін малады чалавек у свае гады выглядае на 60 і страціў жыццёвыя арыенціры. Ён не працуе, п'е, жыве за сродкі бацькоў і ўжо паспеў пабываць у ЛПП. У тэрмін да 10 сакавіка яго абавязалі прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

У ходзе гутаркі ў кожнага запрошанага цікавіліся ўмовамі пражывання, прапаноўвалі дапамогу ў працаўладкаванні, у лячэнні ад залежнасці. Адны сапраўды раскайваліся і абяцалі вярнуцца на правільны шлях, іншыя ж, як здалося, словы членаў АПОП прапускалі міма. Тым не менш, выкананне прадпісанняў правераць і ў выпадку неабходнасці будуць прыняты больш рашучыя меры ўздзеяння.

Падводзячы вынікі працы саветаў АПОП, Уладзімір Гук адзначыў, што ў цэлым праца з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, наладжана, а зацікаўленыя службы працуюць добра. Так, дзейнасць Опсаўскага сельсавета ў гэтым напрамку была адзначана з станоўчага боку.

Разам з тым. Выяўлены асобныя парушэнні ў рабоце іншых суб'ектаў прафілактыкі. Па выніках праверкі складзены акты пракурорскага рэагавання, а канкрэтным службам рэкамендацыі будуць накіраваны пазней.

Таццяна Петушко, "Браслаўская звязда".