Гандлёвая інфраструктура вобласці пастаянна развіваецца з улікам попыту пакупніка. Новыя гандлёвыя аб'екты з'явіліся ў рэгіёне і ў 2025 годзе.
Напярэдадні навагодніх і калядных святаў у г. Віцебску адкрыты гандлёвы цэнтр ”ІНТЭРЫУМ“ ТАА ”ДЭПП холл“ (у адным з былых вытворчых будынкаў па праспекце Фрунзе).
На сённяшні дзень гэта найбуйнейшы гандлёвы цэнтр у рэгіёне. Плошча, адведзеная пад гандлёвыя аб'екты, складае 16 тыс. кв.м.
Новы гандлёвы комплекс спецыялізуецца на рэалізацыі мэблі, тавараў для аздаблення і інтэр'еру. Пры гэтым яго адміністрацыя лічыць прыярытэтнай працу з таварамі айчыннай вытворчасці. Па ацэнцы кіраўніцтва гандлёвага цэнтра беларуская прадукцыя складае каля 90 працэнтаў у прапанаваным пакупнікам асартыменце. У мэтах стымулявання попыту на гэту прадукцыю створаны ўмовы для афармлення спажывецкага крэдыту ”На родныя тавары“ непасрэдна ў месцы пакупкі (на тэрыторыі гандлёвага цэнтра знаходзіцца рабочае месца прадстаўніка ААТ ”АСБ Беларусбанк“).
Акрамя гандлёвых аб'ектаў у новым комплексе размешчаны кафэ, зона адпачынку. Плануецца адкрыццё рэстарана, фітнес-цэнтра, дзіцячага цэнтра.
У 2025 годзе ў сферы гандлю былі рэалізаваны і іншыя праекты, не настолькі маштабныя, але значныя для пакупнікоў. У вобласці адкрываліся крамы рэспубліканскіх і рэгіянальных гандлёвых прадпрыемстваў – ААТ ”Веста“ (у раёне жылой забудовы па вул. Працы ў г. Віцебск), ”Дзіцячы“ ААТ ”Дом гандлю Наваполацка“ ( г. Наваполацк па вул. Маладзёжнай), ”Маяк“ і ”Капеечка“ ЗАТ ”Доброном“ (у гарадах Докшыцы, Талачын, Міёры і Дзісна), ”Доброцен“ ТАА ”ПВ-Захад“ (у г.п.Шуміліна), фірменныя гандлёвыя аб'екты айчынных вытворцаў – ААТ ”Элема“ ( г. Орша), ААТ ”Свiтанак“ (г.Верхнядзвінск), ”Поле кветак“ РУПТП ”Аршанскі льнокамбінат“ (г.Браслаў).
Гандлёвая сетка развівалася не толькі на тэрыторыі гарадоў. За мінулы год у сельскіх населеных пунктах вобласці адкрыта 26 крам і павільёнаў. Для іх размяшчэння выкарыстаны як раней пустыя будынкі крам, так і іншыя плошчы (у новых модульных канструкцыях, у будынках былых устаноў адукацыі, культуры, мясцовага кіравання). Увод у дзеянне гэтых гандлёвых аб'ектаў дазволіў істотна палепшыць гандлёвае абслугоўванне сельскага насельніцтва.
Паводле аператыўнай ацэнкі на 1 студзеня 2026 г. забяспечанасць насельніцтва гандлёвай плошчай у вобласці склалася на ўзроўні 823,6 кв. м на 1000 жыхароў. Гэта на 35% вышэй за нарматыўнае значэнне.