Традыцыі інсітнага мастацтва Віцебшчыны атрымалі падтрымку Кіраўніка дзяржавы
Уладальнікам гранта Прэзідэнта Беларусі на рэстаўрацыю твораў калекцыі наіўнага мастацтва стала загадчыца сектара па выставачнай дзейнасці абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (АМЦНТ) Ганна Перліна.
У фондах цэнтра знаходзяцца 300 мастацкіх твораў і каля 50 дэкаратыўна-прыкладных (разьба па дрэве), якія прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. Як адзначыла Ганна Перліна, інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны з'яўляецца ключавым элементам мастацкай культуры рэгіёна. Яно мае глыбокія народныя карані і ўвасабляе гістарычнае і паўсядзённае жыццё народа праз жывапісна-пластычныя формы выяўлення.
У сусветнай мастацкай практыцы тэрмін insita (дадзены ад прыроды) ужывальны да творчасці непрафесійных мастакоў. Духоўнымі каштоўнасцямі гэтага віду народнага мастацтва лічацца прыхільнасць да роднага краю, паэтыка рамеснiка-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнай ідыліі. Аўтары перадаюць выпрацаваныя народам уяўленні аб гістарычных падзеях, казачныя карціны свету, біблейскія сюжэты, бытавыя сцэнкі, жаданне бачыць прыгожае вакол. Адным з яркіх прадстаўнікоў інсітнага мастацтва лічыцца беларускі жывапісец, графік, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф і археолаг, ураджэнец Глыбоцкага раёна Язэп Драздовіч. У фондах АМЦНТ ёсць адна з яго «маляванак». Цікава, што мастацкія прыёмы мастакоў-аматараў выкарыстоўваў і Марк Шагал пры афармленні Віцебска падчас рэвалюцыйных святаў.
У калекцыі цэнтра нямала безыменных работ, якія былі знойдзены ў ходзе этнаграфічных экспазіцый, але ёсць і творы вядомых самабытных жывапісцаў: Фёдара Максімава, Мікалая Бойцава, Васіля Жарнасека, а таксама разьбяроў па дрэве: Сямёна Шаўрова, Пятра Зеляўскага, Глеба Рабіза. Сёння ў развіццё інсітнага мастацтва Віцебшчыны ўносяць уклад мастакі народных аматарскіх калектываў Пастаўскага, Глыбоцкага, Браслаўскага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Верхнядзвінскага, Бешанковіцкага, Аршанскага, Лепельскага, Шумілінскага, Полацкага, Віцебскага раёнаў і абласнога цэнтра.
– Шмат фондавых прац нуждаюцца ў рэстаўрацыі, бо аўтары іх пісалі на тым, што траплялася на вочы: адрэзках тканіны, кардонках, дзверцах ад шафы. Выкарыстоўвалі алей, гуаш, прыродныя фарбы і нават зубны парашок, – патлумачыла Ганна Перліна.
Праца па аднаўленні твораў вялася пастаянна, але грант адкрывае новыя магчымасці для захавання ўнікальнай культурнай спадчыны Беларусі. Будуць прыцягнуты прафесійныя рэстаўратары з іншых гарадоў, майстры народных мастацкіх рамёстваў, спецыялісты АМЦНТ. Спатрэбяцца падрамнікі, рамы.
Грант таксама дазволіць арганізоўваць у Беларусі і за мяжой выставы, якія дэманструюць багацце і самабытнасць гэтага ўнікальнага напрамку, праводзіць урокі традыцыйнай культуры і семінары-практыкумы, перадаваць веды і любоў да дадзенага віду творчасці новаму пакаленню, павышаць дасведчанасць нашай культурнай спадчыны. Будзе таксама створаны электронны каталог, які прэзентуе нематэрыяльную каштоўнасць нашай краіны.
Раней Віцебскі АМЦНТ атрымліваў грант Прэзідэнта Беларусі ў 2017 годзе. Ён быў накіраваны на стварэнне калекцыі рэканструкцый традыцыйнага народнага касцюма, падрыхтоўку метадычных матэрыялаў альбома-каталога дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці».