Працоўныя ці грамадзянска-прававыя адносіны? Як пазбегнуць падмены.

Разам са зваротамі грамадзян аб парушэннях наймальнікамі тэрмінаў выплаты заработнай платы ў пракуратуру Віцебскай вобласці часта паступаюць звароты аб парушэнні заканадаўства пры заключэнні грамадзянска-прававых дагавораў.

Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам, што, уступаючы ў дагаворныя адносіны, кожны з бакоў мае, у першую чаргу, свае ўласныя мэты.

Так, заказчык зацікаўлены ў такім выканаўцу, выдаткі на якога будуць мінімальнымі, а кожны выканаўца, наадварот, першапачаткова «наладжаны» атрымаць за тыя ці іншыя свае паслугі як мага больш.

У тым ліку і з-за такой дыяметральнай процілегласці інтарэсаў выканаўцаў і заказчыкаў на практыцы патрабаванні грамадзянскага заканадаўства апошнімі ігнаруюцца, у выніку чаго грамадзяне-выканаўцы аказваюцца ў ролі свайго роду «пацярпелых» і вымушаны ўжо ў судовым парадку не толькі спаганяць належную ім аплату, але і наогул даказваць факт выканання работ (іх аб'ём) у таго ці іншага заказчыка.

У студзені 2023 года ў пракуратуру вобласці паступіў калектыўны зварот грамадзян па пытанні несвоечасовага разліку арганізацыі за выкананыя работы пры будаўніцтве аб'екта.

Пракуратурай устаноўлена, што кіраўніком будаўнічай арганізацыі ў парушэнне патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.07.2005 № 314 «Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах» (далей – Указ № 314) у дагаворах падраду з заяўнікамі не ўключаны абавязковыя ўмовы, якія з'яўляюцца істотнымі, у тым ліку ў частцы парадку разліку бакоў, абавязацельствы заказчыка выплачваць за выканаўцу страхавыя ўзносы.

Па выяўленых парушэннях пракуратурай вобласці кіраўніку арганізацыі ўнесена прадстаўленне, у якім запатрабавана забяспечыць няўхільнае выкананне патрабаванняў заканадаўства пры заключэнні грамадзянска-прававых дагавораў, арганізаваць афармленне актаў і разлікаў з работнікамі. Акрамя таго, ініцыяваны адміністрацыйны працэс у дачыненні да кіраўніка будаўнічага аб'екта.

У сувязі з гэтым хацелася б звярнуць увагу грамадзян на

патрабаванні, якія рэгулююць адпаведныя праваадносіны, прадугледжаныя Указам № 314.

Так, нароўні з іншымі істотнымі ўмовамі ў дагаворы у абавязковым парадку павінны быць адлюстраваны: памер аплаты і парадак разліку бакоў, уключаючы сумы, якія падлягаюць выплаце; абавязацельства заказчыка сплачваць за выканаўцу страхавыя ўзносы ў ФСАН; абавязацельствы бакоў па забеспячэнні бяспечных умоў працы і страхаванне ад няшчасных выпадкаў; падставы датэрміновага скасавання дагавора.

Належным чынам заключаны грамадзянска-прававы дагавор не толькі ўпарадкуе ўзаемаадносіны бакоў, але і паслужыць надзейнай асновай доказавай базы ў выпадку ўзнікнення судовай спрэчкі.

Не варта ў поўнай меры спадзявацца на добрасумленнасць заказчыкаў, а неабходна, «узброіўшыся» нормамі Указа, уважліва вывучаць умовы заключаемых дагавораў да падпісання апошніх, патрабуючы дакладнага адлюстравання ў іх усіх прыведзеных умоў, з тым каб у далейшым не марнаваць свае «нервы» і час у судах.

 

Старшы пракурор аддзела па наглядзе за

выкананнем заканадаўства

і законнасцю прававых актаў

Т.А.Іванова