Няўплата падаткаў – шлях на лаву падсудных
Нярэдка асобныя індывідуальныя прадпрымальнікі або прыватныя юрыдычныя асобы ў пагоні за асабістым узбагачэннем спрабуюць абысці закон шляхам ухілення ад выплаты тых ці іншых падатковых плацяжоў у бюджэт краіны.
У выніку ж яны становяцца фігурантамі крымінальных спраў, бо на варце законнасці стаяць органы пракуратуры, якія ў тым ліку ў межах Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аператыўна-вышукной дзейнасці» ажыццяўляюць нагляд і каардынацыю дзейнасці органаў фінансавых расследаванняў.
Дастаткова хутка «тайныя» парушэнні падатковага заканадаўства з цягам часу набываюць склад злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, якія становяцца відавочнымі для пракурора, упаўнаважанага даваць указанні аб правядзенні ў межах аператыўна-вышукной дзейнасці праверак у парадку крымінальна-працэсуальнага кодэкса і ўзбуджэнні пры наяўнасці падстаў крымінальных спраў.
Так і здарылася ў дачыненні да групы 4 «бізнесменаў» г. Віцебска, якія, дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове, арганізавалі злачынную схему ўхілення ад выплаты падаткаў шляхам неабгрунтаванага атрымання пераваг, прадугледжаных спецыяльным рэжымам падаткаабкладання, з мэтай заніжэння выручкі, а таксама неадлюстравання ў бухгалтарскім і падатковым уліку падатку на прыбытак і ПДВ, чым прычынілі шкоду дзяржаве ў памеры больш чым на 1 мільён рублёў.
З улікам устаноўленых фактаў падчас ажыццяўлення аператыўна-вышукной дзейнасці, па ўказанні пракуратуры вобласці УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці ў чэрвені 2023 г. у дачыненні да 4 асоб узбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 243 КК, якая кваліфікуецца як ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.
Таксама па ўказанні пракуратуры вобласці з мэтай забеспячэння пакрыцця фігурантамі крымінальнай справы шкоды дзяржаве накладзены арышт на маёмасць бізнесменаў, а гэта зямельныя ўчасткі, складскія і гаражныя памяшканні, уклады і рахункі ў 3 банках. Акрамя гэтага, накладзены арышт на 24 аб'екты нерухомай маёмасці (дамы і кватэры), 8 дарагіх аўтамабіляў, якія належаць фігурантам.
Варта
адзначыць, што падазраваным па названым артыкуле Крымінальнага кодэкса пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.Нагляд за выкананнем падатковага заканадаўства і далей будзе знаходзіцца ў полі зроку пракуратуры, чым забяспечваецца абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы.
Намеснік начальніка аддзела Пракуратуры Віцебскай вобласці па наглядзе за дазнаннем і аператыўна-вышуковай дзейнасцю А.М. Заікін