Кіраўнік справамі аблвыканкама: больш за 39 тысяч зваротаў грамадзян зафіксавана ў Віцебскай вобласці летась
У мінулым годзе зафіксавана 39,3 тысячы зваротаў, што на 8 % менш за папярэдні перыяд, падкрэсліў кіраўнік справамі аблвыканкама Юрый Пернач. Так, больш за ўсё грамадзян хвалявалі пытанні грамадзянства, міграцыі, арганізацыі дарожнага руху, маёмасных спрэчак, магчымых супрацьпраўных дзеянняў службовых асоб… Па дадзенай тэматыцы паступіла ў органы ўнутраных спраў больш за 16 тысяч заяў. Традыцыйна ў топе запатрабаваных праблемы ЖКГ (7,7 тыс.). Шмат узнікае пытанняў па сацыяльным і пенсійным забеспячэнні, адукацыі, ахове здароўя, архітэктуры і будаўніцтве, землеўпарадкаванні, гандлі, рамонце і ўтрыманні дарог. Большасць зваротаў, як падкрэсліў дакладчык, разгледжана на месцах.
У той жа час узрасла на 9 % колькасць тых, хто звярнуўся ў аблвыканкам. Вялікую актыўнасць праяўлялі жыхары Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Лепельскага, Мёрскага, Полацкага, Талачынскага раёнаў, Віцебска і Наваполацка.
Разгледжана больш за дзве тысячы зваротаў, 64 патрабаванні задаволены. На астатнія дадзены адказы інфармацыйна-тлумачальнага характару. А вось 122 звароты, гэта 5 % ад усіх паступіўшых, засталіся без разгляду як неабгрунтаваныя. Аналіз тэматыкі паказвае, што грамадзян хвалявалі пытанні рэарганізацыі перапрацоўваючых прадпрыемстваў, дзейнасць сельскагаспадарчых арганізацый, камунальных службаў, транспарту, гандлю.
Трывожыць той факт, што на 27 % павялічылася колькасць паўторных зваротаў у аблвыканкам, праўда, абгрунтаванымі прызнаны толькі шэсць. Павялічылася на 17 % колькасць і калектыўных заяў. Тэматыка іх прадказальная: рамонт жылля, водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне, дарожная гаспадарка, рэарганізацыі сістэмы адукацыі, гандаль і інш. Тут вось якая сітуацыя. На вырашэнне многіх калектыўных заяў патрабуецца дадатковае фінансаванне. У цяперашні час вядзецца праца па ўключэнні аб'ектаў будаўніцтва, якія знаходзяцца на кантролі ў аблвыканкаме, у інвестыцыйныя праграмы і планы работ на бягучы год. З 126 аб'ектаў па рамонце мастоў у Верхнядзвінскім, Гарадоцкім, Ушацкім раёнах, капітальным рамонце жылых дамоў і інтэрнатаў у Віцебскім і Полацкім раёнах, будаўніцтве сетак водазабеспячэння ў абласным цэнтры і Віцебскім раёне, капітальным рамонце Дома культуры ў Аршанскім раёне і інш., вырашаны ў поўным аб'ёме 19. Пры фарміраванні інвестыцыйных праграм і планаў на бягучы год улічаны 88 калектыўных зваротаў.
Зніжаюць напружанасць у грамадстве, як адзначалася, правядзенне асабістых прыёмаў, «прамых» і «гарачых» ліній, на якіх здымаецца з парадку дня большасць пытанняў, што хвалююць людзей. У цэлым жа аналіз стану паказаў, што ў вобласці работа са зваротамі грамадзян вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.