Павялічваецца колькасць крадзяжоў сродкаў з банкаўскіх рахункаў

З дня ў дзень у нашай краіне павялічваецца колькасць крадзяжоў сродкаў з банкаўскіх рахункаў, расце лік махляроў, якія жадаюць нажыцца на даверлівых грамадзянах. Пацярпелыя часта самі прадастаўляюць неабходныя для аддаленага доступу канфідэнцыйныя звесткі зламыснікам, якія выкарыстоўваюць тэлефонную камунікацыю і гуляюць пэўную ролю (супрацоўніка банка, пакупніка і г.д.). Новыя ахвяры з'яўляюцца штодня.

Найбольш схільнымі становяцца аўтары аб'яваў аб продажы тавараў або здачы ў наём жылля. Пры абяцанні перавесці задатак, ахвяры губляюць пільнасць і паведамляюць незнаёмцам не толькі нумар карты, але таксама паролі, лагіны і нават коды з SMS-паведамленняў, неабходныя для аўтарызацыі ў сістэме інтэрнэт-банкінгу. Пасля гэтага зламыснікі за лічаныя хвіліны дабіраюцца да чужых рахункаў і здымаюць усе грашовыя сродкі.

Зламыснікі з мэтай атрымання плацежных рэквізітаў, як правіла, уяўляюцца работнікамі банкаў і ўводзяць у зман сваіх ахвяр трывожнымі навінамі. Імі распрацаваны цэлы арсенал нагодаў, пачуўшы якія, спуджаныя суразмоўцы самі спяшаюцца раскрыць канфідэнцыйную інфармацыю. Да прыкладу, работнікам банкаўскіх устаноў неабходна тэрмінова заблакаваць рахунак, які падвергнуўся атацы кіберзлачынцаў, перашкодзіць махлярам «павесіць» на кліента крэдыт або ж адкрыць на яго імя авердрафт. Пры гэтым ілжэспецыялісты просяць пацярпелага прадставіцца, назваць нумар карты, тэрмін яе дзеяння і прытрымлівацца інструкцый прадстаўніка аддзела IT-бяспекі. «Эксперт», які падключыўся да размовы, можа нават прапанаваць зберагчы грашовыя сродкі, перавёўшы іх на нібыта абаронены рахунак - праз секунды грошы знікаюць беззваротна. На жаль, пацярпелыя не могуць разлічваць на кампенсацыю ад фінансавых устаноў, паколькі, у парушэнне правілаў, па ўласнай волі раскрылі сакрэтныя дадзеныя.

Таму не будзе лішнім чарговы раз папярэдзіць аб элементарных мерах засцярогі:

захоўваць PIN-код, а таксама дадзеныя для ўваходу ў інтэрнэт-банк (лагін, пароль, праверачныя словы або спецыяльныя коды) у бяспечным месцы, а лепш за ўсё – у сваёй памяці;

прыкрываць далонню клавіятуру пры ўводзе PIN-кода;

не паведамляць трэцім асобам даныя карты і аднаразовыя СМС-паролі для пацвярджэння аперацый;

выкарыстоўваць паслугу «3DSecure» і ліміты на максімальныя сумы анлайн-аперацый;

схаваць CVV-код на карце (трохзначны нумар на адваротным баку карты), папярэдне захаваўшы яго;

быць асцярожнымі, здзяйсняючы пакупкі ў інтэрнэце. Выкарыстоўваць толькі правераныя і афіцыйныя сайты. Для анлайн-пакупак аформіць асобную карту і не трымаць на ёй вялікія сумы;

выбіраць банкаматы, размешчаныя ў офісах банка або буйных гандлёвых цэнтрах з відэаназіраннем.

Намеснік начальніка аддзела
па наглядзе за дазнаннем і аператыўна-вышуковай дзейнасцю
пракуратуры Віцебскай вобласці Уладзімір Рудакоў