У аграгарадку Ула Бешанковіцкага раёна адбылося мерапрыемства па перапахаванні астанкаў мірных грамадзян, знішчаных фашыстамі
З удзелам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргея Хмарука, пракурора Віцебскай вобласці Ігара Украінца адбылася жалобная цырымонія пахавання астанкаў мірных грамадзян, выяўленых раней у лясным масіве пабліз в. Слабада Бешанковіцкага раёна пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе.
У жалобнай цырымоніі таксама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, прадстаўнікі органаў пракуратуры вобласці, мясцовай выканаўчай улады, працоўных калектываў і грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі рэгіянальных канфесій, вайскоўцы, навучэнцы, мясцовыя жыхары і іншыя.
«У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе мы ўстанавілі астанкі як мінімум 65 чалавек, якія былі знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі восенню 1942 года. Пры гэтым згодна з архіўнымі дакументамі тут было забіта каля 350 чалавек. 80 гадоў нам спатрэбілася, каб дастаць з небыцця загінулых. Мы нічога не забылі, мы ўсё памятаем», – сказаў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргей Хмарук.
Даведка. У Бешанковіцкім раёне за гады гітлераўскай акупацыі знішчана больш за 10 тысяч мірных жыхароў, каля 2 тысяч чалавек згнана ў рабства, звыш 100 населеных пунктаў поўнасцю або часткова спалена, некаторыя з іх так і не аднавіліся пасля вайны.
Намеснік Генеральнага пракурора падкрэсліў важнасць узаемадзеяння ў рамках расследавання дадзенай крымінальнай справы з расійскімі калегамі, паколькі менавіта ў архівах Расійскай Федэрацыі былі выяўлены больш дакладныя звесткі аб знішчэнні мірных жыхароў вёсак Слабада і Бортнікаў, якія дазволілі ўстанавіць канкрэтнае месца іх расстрэлу.
Сяргей Хмарук звярнуў асаблівую ўвагу на недапушчальнасць скажэння гістарычных фактаў: «Мы хочам нагадаць тым, хто ў цяперашні час спрабуе сказіць гісторыю аб ролі нашай краіны і нашага народа ў Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму сёння мы аддаём даніну памяці загінулым мірным жыхарам, якія пражывалі на гэтай зямлі».
Кажучы аб раскопках
у межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, намеснік Генеральнага пракурора адзначыў, што праца гэтая не скончана і цяпер рана казаць аб яе выніках: «На жаль, зімовыя ўмовы не дазваляюць працаваць на зямлі, раскопкі прыпынены. Але будуць адноўлены вясной, а зімовы перыяд мы выкарыстаем з максімальнай карысцю ў мэтах аналізу атрыманай інфармацыі і назапашвання новых матэрыялаў».Паніхіду па загінулых здзейснілі прадстаўнікі трох рэлігійных канфесій Беларусі.
Памяць усіх загінулых удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання, пасля чаго ўсклалі да месца пахавання жывыя кветкі.
У межах мерапрыемства Сяргей Хмарук таксама пагутарыў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.
Служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці