У фармаце «РЫНГ». У Талачыне абмеркавалі эфектыўнасць узаемадзеяння палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў
Роль грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый у сучасных умовах абмяркоўваюць падчас дыялогавай пляцоўкі ў рамках інфармацыйна-аналітычнага праекта «РЫНГ» (Рэчаіснасць. Гісторыя. Народ. Дзяржава) у Талачыне. У ролі экспертаў – старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дземідаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Уладзімір Бабічаў, намеснік старшыні абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Сяргей Лядзянка.
У ходзе дыялогавай пляцоўкі закрануты тэмы эфектыўнага ўзаемадзеяння палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, іх гарманічнага партнёрства з дзяржаўнымі структурамі і прыватным сектарам эканомікі. Таксама разгледжаны інструменты і метады прыцягнення ў свае шэрагі новых членаў, матывацыі грамадзян да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці з улікам сучасных выклікаў і трэндаў.
Дзмітрый Дземідаў падкрэсліў, што грамадскія арганізацыі і рухі вырашаюць задачы шырокага грамадскага значэння, уносяць важкі ўклад у дзяржаўнае, гаспадарчае, сацыяльна-культурнае будаўніцтва.
– Важна, што сёння нашы вядучыя грамадскія аб'яднанні і партыі, ініцыятыўныя грамадзяне выказалі сваё бачанне напрамкаў працы па кансалідацыі нашага грамадства, каб людзі былі ўцягнуты ў прыняцце палітычных рашэнняў. Цяпер дзяржава прапрацоўвае і актыўна ўкараняе новыя інструменты ўзаемадзеяння з грамадствам. Гэта мае прынцыповальнае значэнне для забеспячэння кансалідацыі, адзінства, згоды і з'яўляецца залогам паспяховага развіцця ўсёй нашай краіны. Напярэдадні важнай падзеі - Усебеларускага Народнага сходу - мы абагульняем лепшыя практыкі ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю, лепшыя праекты, якія закліканы абазначыць унікальнасць кожнага рэгіёна. Бо ўсюды ёсць свае асаблівасці, унікальныя людзі, якія клапоцяцца пра сваю зямлю. Знайсці механізмы іх падтрымкі, даць магчымасць рэалізацыі ідэй – задача грамадскіх аб'яднанняў, іншых суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, – адзначыў ён.
Аб тым, што роля грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый становіцца не проста важнай, а фундаментальнай для ўстойлівага развіцця грамадства, пабудовы моцнай і квітнеючай дзяржавы, сказаў і Уладзімір Бабічаў.
– Мы пастараліся стварыць мадэль прадуктыўнага супрацоўніцтва, выпрацаваць рэкамендацыі, якія дапамогуць скаардынаваць дзейнасць розных фарміраванняў для дасягнення агульнай мэты, – канстатаваў парламентарый.