У інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці на 2017 год уключаны толькі значныя аб'екты і даўгабуды

У інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці на 2017 год уключаны толькі самыя чаканыя і сацыяльна значныя аб'екты. Пра гэта паведаміў на пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Ісачэнка.

Асноўныя задачы прадстаўленай інвестыцыйнай праграмы - забяспечыць увод сацыяльна значных пераходзячых з мінулага года аб'ектаў, аб'ектаў з максімальнай гатоўнасцю; скараціць аб'ёмы звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Галоўная ўвага нададзена павелічэнню аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва і забеспячэнню новых мікрараёнаў неабходнай інфраструктурай. "На будаўніцтва, рэканструкцыю і праектаванне аб'ектаў камунальнай уласнасці праграмай прадугледжваецца звыш Br62,75 млн сродкаў абласнога бюджэту і рэспубліканскіх субвенцый. З іх больш Br37,41 млн - мэтавыя сродкі", - адзначыў Ігар Ісачэнка.

Па размеркаванні сродкаў самыя вялікія сумы прадугледжваюцца ў сферы агульнадзяржаўнай дзейнасці - звыш Br7,76 млн на будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрах і спальнага корпуса дзіцячага рэабілітацыйнага комплексу "Жамчужына"; у сферы ЖКГ і жыллёвага будаўніцтва - больш Br7,6 млн (у тым ліку Br1 млн па праграме "Чыстая вада", дзяржпраграме "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016-2020 гады"). Таксама выдзелена Br3,15 млн на будаўніцтва дашкольных устаноў і сярэдніх школ у Віцебску, Оршы, Глыбокім; Br2,89 млн - на паліклініку ў віцебскім мікрараёне Юг-7; Br2,55 млн - на завяршэнне будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў ва Ушачах і Гарадку, праектаванне і будаўніцтва залы для батутыстаў у Віцебску. З улікам усіх заявак, якія паступілі для ўключэння ў інвестыцыйную праграму на 2017 год, патрэба ў сродках для фінансавання ўсіх аб'ектаў складае парадку Br800 млн. З іх толькі для завяршэння пераходзячых аб'ектаў камунальнай формы ўласнасці, прафінансаваных раней па абласной інвестыцыйнай праграме, трэба каля Br600 млн, дадаў Ігар Ісачэнка, растлумачыўшы такім чынам важнасць і складанасць выбару прыярытэтных сфер і аб'ектаў з улікам дэфіцыту сродкаў.

Кацярына Князева - БЕЛТА.