У Лепельскім раёне праходзіць перапахаванне астанкаў ахвяр генацыду беларускага народа

У Лепельскім раёне праходзіць перапахаванне астанкаў ахвяр генацыду беларускага народа

07.05.2026

Сёння ў вёсцы Чарнаручча праходзіць жалобная цырымонія перапахавання 358 астанкаў мірных жыхароў і ваеннапалонных, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлена, што сярод загінулых – не менш за 57 жанчын і не менш за 7 дзяцей.

- Боль, страх, слёзы – усім нам вядомыя гэтыя пачуцці, – сказаў пракурор Віцебскай вобласці Андрэй Скурат. – Але мы ніколі не зразумеем, праз што прайшлі гэтыя людзі, астанкі якіх перапахоўваем. Гэтыя мірныя жыхары хацелі жыць на сваёй зямлі, вырошчваць хлеб і выхоўваць дзяцей. Але прыйшлі тыя, хто за іх вырашыў інакш. Звяры ў шэрых мундзірах прыйшлі на нашу зямлю і вырашылі, што 75% насельніцтва павінна быць знішчана, а астатнія 25% быць рабамі для абслугоўвання арыйскай расы. І толькі дзякуючы мужнасці, гераізму, стойкасці, згуртаванасці нашых продкаў мы атрымалі перамогу.

Кіраўнік нагляднага ведамства Віцебшчыны нагадаў, што ўжо 5 гадоў Генеральная пракуратура расследуе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа.

- Гэта робіцца для аднаўлення гістарычнай справядлівасці, каб не дазволіць сказіць і перапісаць нашу гісторыю, - падкрэсліў Андрэй Скурат. – Гэта робіцца для захавання гістарычнай памяці аб страшных, трагічных і ў той жа час гераічных старонках гісторыі. І гэтая памяць жыццёва неабходная нашым дзецям і ўнукам, каб яны памяталі і ведалі, якой цаной дасталася мірнае неба над галавой.

Гэта масавае пахаванне стала адным з самых маштабных сведчанняў генацыду беларускага народа, выяўленых у рэгіёне за апошні час. Ключавым сведчаннем для выяўлення масавага пахавання сталі ўспаміны аднаго з жыхароў Лепеля. Будучы дзесяцігадовым дзіцем, ён бачыў, як акупанты вывозілі людзей на ўскраіну горада для расстрэлу. Сваімі ўспамінамі паспеў падзяліцца ў 2003 годзе на старонках газеты «Лепельскі край». Дадзеныя пацвердзіліся краязнаўцамі, а таксама архіўнымі матэрыяламі.
Палявыя работы праводзіліся 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам у мінулым годзе.

Віцебскія весці