У Наваполацку стартаваў абласны форум моладзі «Віцебшчына студэнцкая»

В Новополоцке стартовал областной форум молодежи «Витебщина студенческая»

Абласны форум моладзі «Віцебшчына студэнцкая» сабраў у Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Ефрасінні Полацкай актыўных і ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат – прадстаўнікоў універсітэтаў, а таксама рэктараў ВНУ паўночнага рэгіёну.

Пачалося мерапрыемства з наведвання выставы-прэзентацыі навуковай і творчай дзейнасці факультэтаў Полацкага ўніверсітэта.

На ўрачыстым адкрыцці форуму ўдзельнікаў прывітаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Ён адзначыў, што студэнцкія гады самыя цікавыя і насычаныя ў жыцці моладзі. Гэта чарговая прыступка ў дарослае жыццё.

– Праяўляйце свае таленты, развівайце інтэлектуальныя, творчыя здольнасці. Сёння вы пабываеце на прадпрыемствах горада Наваполацка. Паглядзіце, як вашы папярэднікі ўладкаваліся на першых працоўных месцах, пагутарыце з імі. Гэта таксама цікава і важна ведаць. Жадаю, каб усе вашы мары збыліся, каб у вас усё атрымалася, - сказаў Вячаслаў Дурноў.

Затым у ходзе дыскусіі ўдзельнікі форуму абмеркавалі ролю студэнцтва ў сучаснай ВНУ.

Пасля адкрытага дыялогу студэнты адправяцца знаёміцца з прадпрыемствамі Наваполацка, дзе пагутаруюць з маладымі спецыялістамі. А рэктары ўніверсітэтаў сустрэнуцца з навучэнскай моладдзю нафтаграда. Яркім завяршэннем моладзевага форуму стане абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года».

Арганізатарамі форуму выступілі Віцебскі абласны камітэт БРСМ, Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай пры падтрымцы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і ўсіх вышэйшых навучальных устаноў Віцебскай вобласці.

"Віцебскія весці"