У палоне бязгаспадарнасьці

Парушэнні заканадаўства аб падатках і зборах, аб зваротах грамадзян, працы, фінансавай дзейнасці, пажарнай бяспецы, а таксама крадзеж маёмасці і паўсюдную гаспадарскую неарганізаванасць выявіла Віцебская транспартная пракуратура падчас праверкі гарадской паліклінікі №7 і яе структурных падраздзяленняў, размешчаных у раёне.

Сярод галоўных парушэнняў — змяншэнне установай аховы здароўя свайго падатковага цяжару ў выніку заніжэння выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, грэбаванне плацяжамі ў казну. У выніку праверкі ў бюджэт даналічана звыш 27 млн рублёў, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Так, кіроўца Капцяньскай амбулаторыі з дапамогай службовай электронна-магнітнай карты скраў 88 літраў бензіну. Каб схаваць зробленае, уносіў у дарожныя лісты аўто заведама ілжывыя дадзеныя. Яму трэба будзе адказаць за свае ўчынкі па крымінальным артыкуле. Да таго ж правапарушальнік быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і ўжо заплаціў штраф у памеры 10 БВ. Такі ж суму аддасць кухар Старасельскай БСУ, якая, выкарыстоўваючы “залатую карту”, скрала з будынка харчаблока прадукты харчавання.

Праверка таксама выявіла, што не ва ўсіх падраздзяленнях пацыентам якасна і на належным узроўні аказвалася медыка-сацыяльная дапамога. Па словах Віцебскага транспартнага пракурора Аляксандра Царыкава, атрыманне ад пацыентаў грошай пры продажы тавараў,выкананні паслуг адбывалася з парушэннямі, прыём наяўных ажыццяўляўся без касавых апаратаў і прыходна-расходных касавых ордэраў.

Асаблівую занепакоенасць у структурных падраздзяленнях паліклінікі выклікае нездавальняючае забеспячэнне пажарнай бяспекі, а бо ў гэтых установах праходзіць прыём і лячэнне пацыентаў, а ў стацыянарах з кругласутачным знаходжаннем знаходзяцца асобы састарэлага ўзросту, у тым ліку ляжачыя і цяжка хворыя. Некаторыя бальніцы знаходзяцца ў аварыйным стане, маецца свабодны доступ да асобных будынкаў каля ўстаноў, дзе захоўвалася медтэхніка. На момант праверкі апараты не былі спісаны, складаваліся ў памяшканні, якое не знаходзіцца на балансе паліклінікі.

— Усё гэта сведчыць аб фактах расточвання і бязгаспадарнасці на аб'ектах паліклінікі. Кіраўнікам дзяржорганаў і арганізацый варта забяспечыць жорсткі кантроль за беражлівым захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем матэрыяльных рэсурсаў, — адзначыў Аляксандр Царыкаў.

Па выніках праверкі Віцебскай транспартнай пракуратурай упраўленню аховы здароўя аблвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ліквідацыі і папярэджанні зафіксаваных парушэнняў. Разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці работнікаў паліклінікі, якія ігнаравалі патрабаванні закона.

Вольга БУЛАВКА, "Віцебскія весці".