У Полацку дадзены старт трэцяму рэспубліканскаму велапрабегу, прысвечанаму Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне і памяці Сабора Беларускіх святых

В Полоцке дан старт третьему республиканскому велопробегу, посвященному Победе в Великой Отечественной войне и памяти Собора Белорусских святых

У Полацку дадзены старт трэцяму рэспубліканскаму велапрабегу, прысвечанаму Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне і памяці Сабора Беларускіх святых

11.06.2026

Каманда Віцебскай вобласці сабралася ў старажытным горадзе, дзе перад пачаткам важнай падзеі прыняла ўдзел у малебне ў Крыжаўзвіжанскім саборы і заручылася падтрымкай Прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Адпраўным пунктам прабегу стаў помнік Вызваленцам Полацка. Каля гэтага знакавага месца адбыўся ўрачысты мітынг.

– Няхай кожны кіламетр, пройдзены вамі, будзе напоўнены гордасцю за нашу гісторыю, любоўю да роднай зямлі і верай у будучыню, – напуціла ўдзельнікаў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аксана Грыб.

Звярнуўся да прысутных і намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Шкір'янаў, ён падкрэсліў, што мерапрыемства не толькі спартыўнае, але і духоўна-асветніцкае, патрыятычнае. На шляху – знакавыя гістарычныя мясціны, дзе веласіпедысты ўскладуць кветкі да мемарыялаў і памятных знакаў, аддаючы даніну павагі подзвігу беларускага народа. Гэты прабег стане яркім прыкладам таго, як спорт, гісторыя і вера аб'ядноўваюць людзей.

Добрага шляху пажадаў удзельнікам настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы горада Полацка Валерый Ражанкоў і заклікаў пакланіцца духоўным святыням і подзвігу тых, хто падарыў нам мірнае неба над галавой.

У знак удзячнай памяці і смутку ўсе прысутныя ўсклалі кветкі да Вечнага Агню ля помніка Вызваленцам Полацка.

А потым каманда Віцебскай вобласці, да якой далучыліся дзясяткі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця старажытнага горада, а таксама суседняга Наваполацка, адправілася ў дарогу.

Па тэрыторыі вобласці ўдзельнікам марафону трэба будзе пераадолець маршрут у 240 км, які пройдзе па Полацкім, Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах.

Урачыстае завяршэнне велапрабегу адбудзецца 13 чэрвеня ў Мінскай вобласці. Тут спартсмены з усіх куткоў нашай краіны сустрэнуцца і пераадолеюць заключныя этапы велапрабегу з горада Лагойска і гарадскога пасёлка Плешчаніцы да мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дзе пройдуць памятныя мерапрыемствы.

"Віцебскія весці"