У Полацку завяршыўся III форум «Размова аб важным: шчаслівая сям'я – моцная дзяржава»
Пленарнае пасяджэнне сабрала пад сценамі Сафійскага сабора больш за 270 удзельнікаў. Сярод іх члены Савета Рэспублікі, маладыя і шматдзетныя сем'і, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, грамадскіх і моладзевых арганізацый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, сродкаў масавай інфармацыі.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
– У аснове чалавечай дзейнасці ляжаць духоўнасць і маральнасць. Гэта жыватворныя эліксіры для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый. Духоўна-маральнае выхаванне – адзін з найважнейшых фактараў развіцця краіны і забеспячэння адзінства народа. Умацаванне традыцыйных каштоўнасцей, папулярызацыя шматдзетнасці, адказнага бацькоўства, падтрымка старэйшага пакалення – наш стратэгічны вектар і нацыянальны прыярытэт. Толькі ў моцнай сям'і развіваюцца гарманічныя ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай. У здаровай сямейнай атмасферы выхоўваюцца дзеці, для якіх любоў і павага да бацькоў, вернасць Радзіме – неўхільныя жыццёвыя арыенціры, – падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін гаварыў пра сімволічнасць сустрэчы на старажытнай полацкай зямлі – духоўнай калысцы Беларусі.
– З упэўненасцю можна сказаць пра тое, што сям'я, дзе пануе ўзаемная любоў і павага, з'яўляецца залогам росквіту любой дзяржавы. Бо менавіта сям'я – гэта спрыяльнае асяроддзе, дзе вырошчваецца асоба будучага грамадзяніна. Ад таго, якая атмасфера пануе ў сям'і, залежыць тое, кім вырасце чалавек: якім ён будзе бацькам ці маці, работнікам на прадпрыемстве, у працоўным калектыве, як ён будзе ставіцца да сваіх суайчыннікаў, да сваёй зямлі, – адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што тэма сямейных каштоўнасцей сёння актуальная як ніколі, і гэта не толькі пытанне дэмаграфіі, захавання гістарычнай ідэнтычнасці.
- Сям'я – гэта важны элемент, які напаўняе святлом жыццё кожнага чалавека. Сям'я – гэта сэнс жыцця, гэта тое месца, куды мы можам прыйсці з нягодамі, горачамі, там, дзе можна перавесці дух і напітацца энергіяй. Дзякуючы сям'і мы можам прайсці любыя выпрабаванні, – сказаў Аляксандр Субоцін.
На працягу дзвюх гадзін удзельнікі форуму абмяркоўвалі шэраг актуальных пытанняў сучаснасці.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Наталля Качанава падкрэсліла, што размова атрымалася, сапраўды, важнай.
Прыемным момантам мерапрыемства стала ўручэнне падзяк старшыні Савета Рэспублікі Н.І.Качанавай. У ліку ўзнагароджаных і прадстаўніца паўночнага рэгіёну – Ірына Пятрова, прыёмны бацька ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама.
Маштабнае мерапрыемства прымеркавана да Тыдня бацькоўскай любові.
Пасля пленарнага пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да помніка Героя Беларусі, выпускніка Полацкага кадэцкага вучылішча Мікіты Куканенкі.