У Пастаўскім раёне загадчыца абкрадвала ўласную ж краму
Перад спакусай не кожны можа ўстаяць, асабліва калі гаворка ідзе пра грошы. Фінансавая спакуса і небяспечнае адчуванне ўседазволенасці абярнуліся для экс-загадчыцы адным з гандлёвых аб'ектаў Пастаўскага раёна крымінальным пакараннем.
У
30-гадовай дзяўчыны саспела прывабная ідэя: прысвоіць уручаныя ёй арганізацыяй як
службовай асобай грашовыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Маючы
свабодны доступ да наяўных грошай і прадуктаў харчавання, сістэматычна
прыкарманівала іх. Патрэбы сталі расці, пакуль агульная сума выкрадзенага не
дасягнула амаль 60 млн рублёў. Столькі «ўдарная» праца не магла не выклікаць
падазрэнняў. Таму напярэдадні рэвізіі абвінавачваная ўносіла ў касу магазіна
грашовыя сродкі ў кошт узятага ёю без аплаты тавару. У ходзе інвентарызацыі ў
магазіне зафіксавалі недастачу, выявілі махінацыі з касавым апаратам.
— На судовым пасяджэнні абвінавачваная прызнала сваю віну, шчыра
раскаялася. Змякчальнай акалічнасцю стала поўнае ўзнаўленне прычыненай шкоды да
заканчэння следства, — адзначыў намеснік Віцебскага
транспартнага пракурора Міхаіл Сашчэка.
Прысуд Феміды ў адпаведнасці з ч. 3 арт. 210 КК — пазбаўленне волі на 3 гады з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць матэрыяльна адказныя пасады на працягу 2 гадоў. Аднак суд даў шанец на выпраўленне, ужыўшы ўмоўнае пакаранне. Цяпер дзяўчына знаходзіцца пад пільнай увагай аддзела ўнутраных спраў па месцы жыхарства, і далейшы лёс залежыць толькі ад яе паводзін. У выпадку чарговых незаконных дзеянняў на працягу 2 гадоў наступствы сваіх промахаў яна адчуе ў поўнай меры.
Вольга Булавка, «Віцебскія весці».