У пракуратуры Віцебскай вобласці абмеркавалі вынікі праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства пры выяўленні і расследаванні злачынстваў, учыненых арганізаванымі групамі
Пад старшынствам пракурора Віцебскай вобласці Вадзіма Сушчынскага адбылося пасяджэнне калегіі пракуратуры вобласці, на якім абмеркаваны вынікі праверкі выканання праваахоўнымі органамі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасцю», крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры выяўленні і расследаванні злачынстваў, здзейсненых арганізаванымі групамі, а таксама абагульнення практыкі разгляду судамі крымінальных спраў дадзенай катэгорыі.
У рабоце калегіі прынялі ўдзел пракуроры гарадоў і раёнаў вобласці (у рэжыме канферэнцсувязі), кіраўнікі УКДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, УУС Віцебскага аблвыканкама, сёмага ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВПіК МУС Рэспублікі Беларусь, УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, УСК Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, Полацкага пагранічнага атрада.
На калегіі адзначалася, што за 11 месяцаў бягучага года зарэгістравана 29 злачынстваў дадзенай катэгорыі. Практычна палова з іх – 13 – гэта злачынствы, звязаныя з незаконнай міграцыяй, спробамі перасячэння дзяржаўнай мяжы групамі замежных грамадзян. 12 злачынстваў (або 40%) – гэта незаконны абарот наркотыкаў. Яшчэ 4 злачынствы – крадзяжы паліва з пуцеправодаў, здзейсненыя ў складзе арганізаваных груп, а таксама спалучаныя з імі склады злачынстваў. Падобная сітуацыя была і ў мінулым 2016 годзе.
Статыстыка сведчыць, што з 29 злачынстваў, зарэгістраваных у вобласці ў бягучым годзе, 17 выяўлена супрацоўнікамі сёмага ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВПіК МУС Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ 10 злачынстваў (па арт. 328 КК) выяўлена супрацоўнікамі ўпраўлення наркакантролю і барацьбы з гандлем людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама.
Разам з тым, у рабоце па процідзеянні арганізаванай злачыннасці маюцца недахопы і ўпушчэнні.
Асаблівай увагі патрабуе работа па спыненні проціпраўных замахаў на транспартныя сродкі, дзе найбольш верагодная дзейнасць арганізаваных груп.
Нямалае значэнне ў рабоце па процідзеянні
арганізаванай злачыннасці маюць прэвентыўныя меры, якія прымаюцца ў дачыненні да раней асуджаных асоб, так званых «крымінальных аўтарытэтаў», «смотрящих» і г.п.
Акрамя таго, аналіз злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў паказвае, што распаўсюджванне наркотыкаў ажыццяўляецца арганізавана з выкарыстаннем высокіх тэхналогій, праз сетку Інтэрнэт, часта злачынствы носяць транснацыянальны характар.
Пры такіх абставінах праца па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю павінна будавацца з прыцягненнем спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій.
Выклікае занепакоенасць і дзейнасць моладзевых радыкальных, экстрэмісцкіх фарміраванняў, якая шмат у чым носіць арганізаваны супрацьпраўны накірунак.
Па выніках працы калегіі прынята рашэнне, у якім вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці праваахоўных органаў па процідзеянні арганізаванай злачыннасці ў рэгіёне, кожнаму зацікаўленаму ведамству дадзены канкрэтныя даручэнні аб правядзенні арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў па прафілактыцы, выяўленні і спыненні дзейнасці арганізаваных злачынных груп.
Аддзел па барацьбе з карупцыяй
і арганізаванай злачыннасцю
пракуратуры вобласці