У межах ажыццяўлення нагляду за законнасцю прававых актаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пракуратурай Віцебскай вобласці выяўлена незаконнае рашэнне

У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага гарвыканкама ад 20.06.2018 № 828 «Аб аказанні дапамогі» 32 суб'екты гаспадарання г. Віцебска, уключаючы адкрытыя акцыянерныя таварыствы, камунальныя, рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы і іх філіялы, былі замацаваны для аказання ў 2018 годзе шэфскай дапамогі КУСГАП «Эксперыментальная база «Тулава».

Адным з пунктаў рашэння гарвыканкама кіраўнікам названых арганізацый было даручана заключыць з КУСГАП «Эксперыментальная база «Тулава» дагаворы на аказанне спонсарскай дапамогі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2005 №300 «Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі» (далей – Указ № 300).

Разам з тым, згодна з патрабаваннямі Указа №300 бязвыплатная (спонсарская) дапамога прадастаўляецца бяззваротна на аснове добраахвотнасці і свабоды выбару яе мэт, патрабаванне прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі забараняецца.

Філіялы юрыдычных асоб, у прыватнасці філіял ДЭУ № 36 РУП «Віцебскаўтадар», філіял «Горэлектратранс г. Віцебска» ААТ «Віцебскаблаўтатранс», філіял «Будаўніча-мантажны цягнік №715» ААТ «Белтрансбуд» не аднесены да ліку суб'ектаў, якія валодаюць правам прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі.

Пытанні аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў адпаведнасці са статутамі ААТ «Віцебскліфт», ААТ «Віцязь», ААТ «Вістан» і іншых акцыянерных таварыстваў адносяцца да выключнай кампетэнцыі назіральнага савета і не могуць быць перададзены на рашэнне іншых органаў кіравання таварыства, уключаючы яго дырэктара.

Паколькі названае рашэнне гарвыканкама ўтрымлівала палажэнні, правамоцнасць прыняцця якіх выходзіла за межы кампетэнцыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, пракуратурай вобласці яно было апратэставана.

Па выніках разгляду пратэсту Віцебскім гарвыканкамам незаконнае рашэнне было адменена.

Намеснік начальніка аддзела пракуратуры вобласці
Дзмітрый Кудраўцаў.