У рэжыме відэаканферэнцыі адбылося пасяджэнне абласнога савета па працоўных і сацыяльных пытаннях пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай
У пасяджэнні ўзялі ўдзел сустаршыні савета, члены аблвыканкама, абласнога саюза наймальнікаў і аб'яднанняў прафсаюзаў, у студыях – намеснікі старшынь гар-райвыканкамаў, старшыні раённых аб'яднанняў прафсаюзаў і раённых саюзаў наймальнікаў, начальнікі ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне рай-гарысвыканкамаў, начальнікі аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы гар-райвыканкамаў.
У парадку дня пасяджэння абласнога савета па працоўных і сацыяльных пытаннях – рэалізацыя Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 278 ад 15 ліпеня 1995 года «Аб развіцці сацыяльнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь», аб ролі наймальнікаў у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці, актуальныя праблемы падрыхтоўкі і замацавання маладых кадраў.Старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сустаршыня абласнога савета па працоўных і сацыяльных пытаннях Юрый Дзеркач падкрэсліў важнасць няўхільнага выканання Указа Прэзідэнта «Аб развіцці сацыяльнага партнёрства», у якім дакладна прапісана, што яно з'яўляецца адной з найважнейшых дзяржаўных задач, улічваючы яго важную ролю ў правядзенні рэформ, захаванні сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, у мэтах каардынацыі дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання, рэспубліканскіх аб'яднанняў наймальнікаў, прафсаюзаў пры вырашэнні праблем сацыяльна-эканамічнага характару. Такім чынам, суб'екты сацыяльнага партнёрства на мясцовым узроўні – прафсаюзы, наймальнікі і органы мясцовай выканаўчай улады – павінны матываваць людзей на выкананне эканамічных паказчыкаў.
Роля галіновых прафсаюзаў у гэтым важная. У Віцебскай вобласці сёння членамі прафсаюзаў з'яўляюцца больш за 381 тысячу чалавек, звыш 13 тысячаў юрыдычных асоб, якія ўтвараюць амаль 4 тысячы першасных прафсаюзных арганізацый. У 2,6 тысячы арганізацыях заключаны і дзейнічаюць калектыўныя дагаворы, у якіх дакладна прадугледжваюцца тыя бонусы, якія атрымлівае калектыў, выконваючы тыя ці іншыя паказчыкі. Таму, чым эфектыўней працуе прадпрыемства, тым больш бонусаў атрымліваюць і члены калектыву. За апошнія два гады ў вобласці створана 383 першасных прафсаюзных арганізацый, прычым 362 з іх – на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. Ужо сёлета створана 220 ППА.
Праблема адоўгачасовага замацавання моладзі на працоўных месцах, недахоп кадраў у такіх галінах, як машынабудаванне, станкабудаванне, лёгкая прамысловасць – усё гэта таксама не можа не хваляваць і галіновыя прафсаюзныя арганізацыі. Пытанне дэфіцыту кадраў вывучаецца. Так, напрыклад, сёння адукацыя вобласці рыхтуе на 7 працэнтаў больш за патрэбу кадраў для той жа лёгкай прамысловасці. Але праблема ў тым, што на 40 працэнтаў менш, чым патрабуецца, маладых людзей прыступаюць да працы пасля атрымання прафесіі. Між тым, на некаторых прадпрыемствах бонусы для маладых работнікаў даходзяць да 1600 рублёў, але сёння нават не заработная плата з'яўляецца галоўнай матывацыяй для іх замацавання на першым працоўным месцы.
Выступленні ўдзельнікаў пасяджэння ў выніку можна было б звесці менавіта да гэтай дылемы: што для сучаснага наймальніка сёння важней, каб дабівацца вытворчых поспехаў, атрымліваць прыбытак і захоўваць сацыяльную стабільнасць у калектыве? Займацца аўтаматызацыяй вытворчасці ва ўмовах недахопу працоўных рэсурсаў ці гэтыя рэсурсы шукаць, матываваць маладых людзей павярнуцца да рабочай прафесіі?
Пра ролю наймальнікаў у пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці, а таксама пра сваё бачанне «маладзёжнай» праблемы распавёў старшыня абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў. Досведам замацавання кадраў, працы з моладдзю падзяліўся намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях РУПТП «Аршанскі льнокамбінат» Сяргей Сідзін.
– Мы павінны рыхтаваць у рабочыя не тых, хто нікуды не паступіў, а матываваных маладых людзей, якія хочуць працаваць менавіта на нашым прадпрыемстве, – заявіў Сяргей Сідзін.
І гэта ляжыць у аснове мэтанакіраванай, сур'ёзнай праграмы ў падрыхтоўцы кадраў на ільнакамбінаце, якая можа паслужыць прыкладам. Такая праца паглыбляецца сёння тут ужо не толькі на ўзроўні свайго ліцэя тэкстыльшчыкаў, але і на ўсе 38 гарадскіх школ і нават на дзіцячыя сады з мэтай папулярызацыі асноўных прафесій прадпрыемства. Тут ідуць на стварэнне вучэбна-вытворчых кластараў, і асноўная мэта гэтай праграмы – запусціць механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства, падштурхнуць стварэнне партнёрскіх сетак бізнес-структур і прафесійных адукацыйных арганізацый, стымуляваць удзел прадпрыемстваў у сафінансаванні адукацыйнай інфраструктуры сярэднепрафесійных устаноў.
На пасяджэнні савета за аснову быў прыняты праект плана работы на 2024 год, у які будуць унесены ўсе агучаныя прапановы.