У сферы аховы здароўя Віцебскай вобласці фарміруецца адзіная інфармацыйная прастора

У ахове здароўя Віцебскай вобласці на будаўніцтва, рэканструкцыю, мадэрнізацыю і рамонт у 2018 годзе было накіравана 48,2 млн рублёў, уведзена ў эксплуатацыю 20 аб'ектаў. Маштабнай падзеяй 2019-га стане завяршэнне праекта па паліклініцы ў мікрараёне Юг-7 Віцебска. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач на адкрытым пасяджэнні аблвыканкама.


Аналізуючы работу медыцынскай службы Віцебскай вобласці па выкананні мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», Юрый Дзеркач падкрэсліў, што усе кантрольныя паказчыкі сёння знаходзяцца на ўзроўні прадугледжаных у 2020 годзе, аднак гэта не нагода спачываць на лаўрах, а матывацыя для далейшага удасканалення і дбайнага кантролю за арганізацыяй работы.

Станоўчага эканамічнага эфекту ўстановы аховы здароўя паўночнага рэгіёну дабіваюцца за кошт павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання. Прафілактыка і ранняя дыягностыка захворванняў дазваляюць скараціць працягласць лячэння і знаходжання ў стацыянары, паменшыць колькасць ужывальных прэпаратаў.

Вызваленыя фінансавыя сродкі накіроўваюцца на іншыя патрэбы, у тым ліку ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя.

Сярод аб'ектаў – аснашчаная сучасным абсталяваннем гарадская бальніца ім. Семашкі ў Воршы, цэнтральная раённая бальніца ў Міёрах, мадэрнізаваныя ўчастковыя бальніцы ў Копысі і Балбасаве Аршанскага раёна, стаматалагічнае аддзяленне ў Верхнядзвінскай ЦРБ, рэканструяванае акушэрска-гінекалагічнае і тэрапеўтычныя аддзяленні Сенненскай ЦРБ і іншыя.

Акрамя таго, у кастрычніку мінулага года на базе Віцебскай абласной бальніцы адкрыта першае і адзінае ў рэспубліцы аддзяленне рэнтгенэндаваскулярнай дапамогі і складаных парушэнняў рытму.

Юрый Дзеркач адзначыў, што у склад поліклінікі ў мікрараёне Юг-7 уключаны жаночая кансультацыя, дзіцячая і стаматалагічная паліклінікі.

Фарміруецца адзіная інфармацыйная прастора аховы здароўя вобласці, укараняецца электронная карта пацыента, ва ўсіх гарадах і раёнах функцыянуе «Электронны рэцэпт», створана сістэма тэлемедыцынскага кансультавання. 

У Аршанскім раёне рэалізуецца пілотны праект інфарматызацыі аховы здароўя з прымяненнем воблачных тэхналогій. Усё гэта, адзначыў кіраўнік ведамства, робіцца для павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання і зручнасці насельніцтва.

Даючы ацэнку працы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя, Віталь Воўк адзначыў, што Віцебшчыне пад сілу стаць медыцынскай Меккай краіны, а таксама нацэліў службу на экспарт паслуг, эфектыўную рэалізацыю патэнцыялу высокатэхналагічнага абсталявання і рэабілітацыйна-аздараўленчых магчымасцей, наяўных у паўночным рэгіёне Беларусі.

НАТАЛЛЯ КАМЛЁВА, «Віцебскія весці».