У мэтах паляпшэння ўзаемадзеяння

Пракуратурай вобласці вывучана якасць інфармацыйных запісак аб стане законнасці і правапарадку, накіраваных пракурорамі гарадоў і раёнаў, транспартнымі пракурорамі ў органы выканаўчай і прадстаўнічай улады.

Усяго ў мінулым годзе пракурорамі падрыхтавана і ўнесена 152 інфармацыі аб стане законнасці, у тым ліку аб стане злачыннасці – 60, аб барацьбе з карупцыяй – 46, аб выкананні заканадаўства аб непаўналетніх – 32. Найбольш актыўна выкарыстоўвалі дадзеную форму ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады пракуроры Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Чашніцкага, Ушацкага раёнаў, г.Віцебска.

Так, пракурорам Чашніцкага раёна прыведзены дэтальны аналіз стану законнасці і аператыўнай абстаноўкі ў рэгіёне, дадзена крытычная ацэнка дзейнасці РАУС, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іншых суб'ектаў, асабліва ў рабоце па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Адзначана, што з боку суб'ектаў прафілактыкі адсутнічае належная прынцыповасць у рэагаванні на факты правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца на глебе сямейна-бытавых адносін, з прычыны чаго пачатая работа не даводзіцца да канца і прынятыя меры аказваюцца неэфектыўнымі. У сувязі з гэтым прапанавана асаблівую ўвагу ўдзяляць праблемам папярэджання цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Аператыўна рэагаваць на кожны факт здзяйснення правапарушэнняў па месцы жыхарства насельніцтва, прымаць вычарпальныя меры па недапушчэнні больш цяжкіх злачынстваў у быце праз ажыццяўленне мер агульнай і індывідуальнай прафілактыкі.

У інфармацыйнай запісцы пракурора Браслаўскага раёна звернута ўвага на шматлікія парушэнні патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №№1,3 у частцы безгаспадарнасці, крадзяжоў, нерацыянальнага выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў і грашовых сродкаў, невыканання патрабаванняў аб ахове працы і тэхніцы бяспекі, якія дапускаюцца ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Адзначана, што на асобных прадпрыемствах не наладжаны дакладны прапускны рэжым, належным чынам не арганізавана вартавая

охрана, што, у сваю чаргу, спрыяе бесперашкоднаму пранікненню на аб'екты старонніх асоб. У сувязі з гэтым запатрабавана ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама прааналізаваць стан захаванасці уласнасці, выкананне патрабаванняў Дырэктывы №1 у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, вынікі разгледзець на пасяджэнні калегіі райсельгасхарчпрада.

Пракурорам Расонскага раёна звернута ўвага выканкама на праблемы захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку помнікаў археалогіі, актывізацыю дзейнасці ў рэгіёне «чорных капальнікаў», што патрабуе прыняцця неадкладных мер, накіраваных на забеспячэнне належнага ўліку аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і іх захаванасці, а таксама своечасовага рэагавання на факты парушэння заканадаўства, накіраванага на ахову дадзеных аб'ектаў.

Пракурорам Бешанковіцкага раёна звернута ўвага на неспрыяльную абстаноўку, якая склалася на дарогах раёна, а менавіта, у 14 дарожна-транспартных здарэннях загінула 3 чалавекі, 22 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, прычым 9 ДТЗ адбыліся на аўтадарозе М3 Мінск-Віцебск. Прапанавана разгледзець пытанне аб укараненні дадатковых сродкаў тэхнічнага забеспячэння бяспекі дарожнага руху, у тым ліку уладкаванні штучных няроўнасцей на аварыйных скрыжаваннях, устаноўцы дадатковых дарожных знакаў, камер відэафіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму. Прычым адзначана, што ўказаныя меры неабходна спалучаць з выхаваўча-прафілактычнымі мерапрыемствамі ў працоўных і вучэбных калектывах. 

Пракуроры Віцебскага, Лёзненскага, Пастаўскага, Глыбоцкага, Талачынскага, Шумілінскага, Лепельскага, Полацкага раёнаў прааналізавалі стан правапарадку ў рэгіёнах, вызначылі сельскія Саветы, на тэрыторыі якіх зарэгістравана найбольшая колькасць злачынстваў. Адзначылі недахопы ў дзейнасці РАУС па папярэджанні, спыненні і раскрыцці крымінальна каральных дзеянняў.

Актуальныя праблемы гібелі людзей пазначаны ў інфармацыйных запісках пракурораў Талачынскага, Пастаўскага, Ушацкага і іншых раёнаў.

Праз унясенне інфармацыйных запісак пракурорамі таксама звернута ўвага мясцовых органаў простай і выканаўчай улады на праблемныя пытанні ў выкананні працоўнага заканадаўства (Сенненскі, Віцебскі, Аршанскі і іншыя раёны), заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб (Шумілінскі, Браслаўскі і іншыя раёны), заканадаўства аб захаванасці ўласнасці (Браслаўскі, Шумілінскі, Талачынскі, Віцебскі і іншыя раёны), заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны (Россонскі раён).

Інфармацыйная запіска пракурора Пастаўскага раёна 20.01.2017 разгледжана па дакладзе пракурора раёна на пасяджэнні выканкама. Прыняты дадатковыя меры, накіраваныя на ўмацаванне законнасці і грамадскай бяспекі ў рэгіёне.

У цэлым, у інфармацыйных запісках пазначаны актуальныя для рэгіёнаў праблемы, адлюстраваны арганізацыйна-практычныя меры, якія прымаюцца органамі пракуратуры і іншымі праваахоўнымі ведамствамі ў мэтах умацавання законнасці і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян.

У далейшым пракурорам неабходна працягнуць працу па інфармаванні органаў дзяржаўнай улады аб стане законнасці і правапарадку. Забяспечыць унясенне канкрэтных аргументаваных прапаноў, рэалізацыя якіх будзе спрыяць устараненню парушэнняў заканадаўства, умацаванню грамадскага парадку, захаванасці ўласнасці і фінансавых сродкаў, зніжэнню ўзроўню дэбіторскай запазычанасці, выкананню працоўных правоў работнікаў, павышэнню персанальнай адказнасці службовых асоб за якаснае выкананне службовых абавязкаў.

Пракурор арганізацыйна-кантрольнага
аддзела пракуратуры вобласці С. Прыгун