У Віцебску больш за дзве тысячы чалавек ушанавалі памяць загінулых у Афганістане

В Витебске более двух тысяч человек почтили память погибших в Афганистане

Больш за дзвесці тысяч чалавек прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 37-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Ля помніка «Боль» у Віцебску сабраліся ветэраны афганскай вайны, прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Чырвонай ніткай у словах выступаючых праходзіла думка аб тым, што 15 лютага нагадвае нам пра гераізм, ахвяры і важнасць міру, які мы павінны берагчы.

Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў адзначыў, што праз горныя перавалы і распаленыя пяскі Афганістана прайшлі больш за 30 тыс. беларусаў. Яны з гонарам выканалі свой доўг, абараняючы паўднёвыя рубяжы Савецкага Саюза, праяўляючы мужнасць і самаадданасць. Мы шануем подзвігі адважных дэсантнікаў 103-й Віцебскай дывізіі, лётчыкаў 339-га ваенна-транспартнага авіяцыйнага палка, якім давялося не толькі выконваць баявыя задачы, але і вяртаць на Радзіму цяжкі груз. Успамінаем тых, хто пачынаў свой шлях у неба ў Віцебскім аэраклубе ім. А. Гараўца. Прыдзвінскі край страціў у той вайне 160 чалавек.

Імёнамі воінаў-інтэрнацыяналістаў названы вуліцы населеных пунктаў, створана больш за 50 музейных пакояў і тэматычных куткоў.

Сёння на Віцебшчыне пражывае больш за 3,5 тыс. воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў лакальных войнаў і канфліктаў. Не забываючы слаўныя традыцыі баявога братэрства, воіны-"афганцы" займаюць актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, уносяць важкі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі.

Па словах старшыні абласной арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў падпалкоўніка ў адстаўцы Валерыяна Мацкевіча, больш за 2,5 тыс. нашых землякоў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены ўраджэнец Полаччыны Васіль Шчарбакоў і віцяблянін Васіль Піменаў. Праз 37 гадоў воіны-"афганцы" працягваюць працаваць на прамысловых прадпрыемствах, у сельскай гаспадарцы і іншых сферах дзейнасці, уносячы пасільны ўклад ва ўмацаванне Беларусі.

Ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Сяргей Кунахавец нагадаў, што 103-я паветрана-дэсантная дывізія першай уступіла на зямлю Афганістана 25 снежня 1979-га і, калі кадры вываду савецкага кантынгенту 15 лютага 1989-га абляцелі ўвесь свет, воіны нашага праслаўленага злучэння прыкрывалі выхад і выйшлі апошнімі. Ваенкам падкрэсліў, што адышлі ў мінулае сумныя падзеі, але болем і трагічнымі ўспамінамі яны аддаюцца ў нашых сэрцах і душы.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых, кожны быў названы паіменна.

"Віцебскія весці"