У Віцебску ўшанавалі перадавікоў АПК рэгіёну
Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што месца ўзнагароджання ў адноўленай вежы старажытнага замка, адкуль адкрываецца від на цэнтральную частку Віцебска, выбрана не выпадкова: мы хочам, каб гэты дзень стаў больш яркім і запамінальным. Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што ўзнагароджаныя на працягу многіх гадоў паказваюць высокія вынікі. Працуюць для таго, каб развіваўся аграпрамысловы комплекс і ў краіне быў дастатак.
– Няхай узнагарода будзе не апошняй, – пажадаў кіраўнік вобласці.
Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручана Андрэю Каранькову – слесару-рамонтніку ААТ «Агракамбінат «Юбілейны», Аршанскі раён; медалём «За працоўныя заслугі»: Надзеі Грыбанавай – намесніку генеральнага дырэктара ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», Віцебскі раён; Лідзіі Дзямідавай – начальніку комплексу СВФ «Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП», Аршанскі раён; Аляксандру Касмакову – трактарысту-машыністу ААТ «Дубровенскі льнозавод»; Яўгену Мельніцкаму – трактарысту-машыністу СПК «Ларынаўка», Аршанскі раён; Віктару Арлову – трактарысту-машыністу ПК «Альгоўскае», Віцебскі раён; Валянціне Трацкой – галоўнаму заатэхніку філіяла «Вясна-энерго» РУП «Віцебскэнерга», Полацкі раён; Наталлі Шэндрык – дырэктару ААТ «Якубава-Агра», Дубровенскі раён; Аляксандру Яначкіну – трактарысту-машыністу ААТ «Кураполле-агра», Пастаўскі раён.
Ад імя ўзнагароджаных выступіла Надзея Грыбанава. Яна падзякавала за высокую ацэнку дзейнасці:
– Узнагароды з'яўляюцца не толькі прызнаннем асабістых заслуг, але і стымулам для далейшай ярка выяўленай працы нашай галіны.
Трактарыст-машыніст ПК «Альгоўскае» Віцебскага раёна Віктар Арлоў у свае 76 гадоў працягвае трымаць строй і па прадукцыйнасці працы можа даць фору маладым калегам.
Ураджэнец Калінінградскай вобласці ў 22 гады пасля смерці бацькоў пераехаў у Віцебск, дзе жылі сваякі. Ажаніўся, з жонкай Галінай выгадаваў дваіх сыноў і цешыцца чатырма ўнукамі.
«Альгоўскаму» Віктар Міхайлавіч аддаў больш за паўвека, працуючы на розных відах тэхнікі. Сорак сезонаў працаваў на збожжаўборачным камбайне, у розныя гады пад кіраўніцтвам бацькі школу памочніка камбайнера прайшлі сыны Аляксандр і Яўген.
Віктар Арлоў неаднаразова быў у лідарах рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Запомніўся 1999 год, калі на «Доне-1500» намалаціў каля 2 тыс. т збожжа, што тады было рэкордам. За першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве камбайнер атрымаў падарунак ад Прэзідэнта – аўтамабіль «Жыгулі».
Віктар Міхайлавіч выйшаў на льготную пенсію ў 55 гадоў, але ні дня не правёў на заслужаным адпачынку. Цяпер на сваім трактары МТЗ-1221 ён у асноўным апрацоўвае глебу і нарыхтоўвае кармы. Напрыклад, у гэтым годзе пракультываваў больш за 650 га сельгасугоддзяў, перавёз звыш 3,3 тыс. т зялёнай масы. Нягледзячы на ўзрост, вытрымлівае паўнавартасны працоўны рэжым аграрыя, у пікавыя перыяды працуючы з 6 раніцы да позняга вечара.
– Буду працаваць, пакуль здароўе дазваляе, – кажа заслужаны ветэран.