У Віцебску абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва і ўмацаванне адносін з Кітаем, Славакіяй і Індыяй
– Візіт у наш рэгіён Кітайскай Народнай Рэспублікі ўмацуе сяброўскія сувязі, пашырыць кантакты, павысіць ступень узаемадзеяння па найбольш актуальных напрамках супрацоўніцтва, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Сёння ў нас ёсць добрыя магчымасці для паглыблення сумеснай дзейнасці прадпрыемстваў, навуковых арганізацый, устаноў культуры, адукацыі, спорту і турызму, а таксама для стварэння максімальна спрыяльных умоў для прыцягнення інвестараў.
Точак сутыкнення ў Віцебшчыны і Кітая шмат. Так, наша краіна з'яўляецца непасрэдным удзельнікам кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс - Адзін шлях». У траўні на сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам асаблівая ўвага была нададзена развіццю супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай, будаўнічай, фінансавай і аграпрамысловай галінах.
– Патэнцыял супрацоўніцтва велізарны. Рэгіёны Кітайскай Народнай Рэспублікі знакаміты аграрнай вытворчасцю, і Віцебская вобласць, з улікам наяўных кампетэнцый, гатова да супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловай вытворчасці, уключаючы абмен тэхналогіямі, агранамічнымі практыкамі і селекцыямі сельскагаспадарчых раслін, – адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. – Для нас таксама вельмі актуальная тэма будаўніцтва новых малочна-таварных комплексаў, птушкафабрык, комплексаў па адкорме і вырошчванні свіней. Сёння Кітай у гэтым напрамку прасунуўся вельмі далёка, у вас маюцца паспяховыя тэхналогіі для вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі.
Сярод іншых напрамкаў Анжаліка Нікіціна адзначыла турызм, гандаль і прамысловасць.
– Віцебская вобласць мае дастатковыя сыравінныя рэсурсы (лес, торф, мінеральныя воды і інш.). Прадпрыемствы вобласці гатовыя разгледзець магчымасць арганізацыі сумеснай вытворчасці ў машынабудаванні, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, сумеснай здабычы, перапрацоўкі, выпуску і рэалізацыі гатовай прадукцыі (цэлюлозы, віскозы, угнаенняў і г.д.).
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Чжан Вэньчуань падкрэсліў, што пад кіраўніцтвам лідараў адносіны паміж Кітаем і Беларуссю знаходзяцца на самым высокім узроўні.
– Гэта мой першы візіт у Віцебскую вобласць. Па выніках сустрэчы мы дамовіліся аб далейшым умацаванні нашай традыцыйнай дружбы і супрацоўніцтва. Мы маем намер абменьвацца вялікімі дэлегацыямі, далей умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры, адукацыі і турызму, – адзначыў спадар Чжан Вэньчуань.
Распрацаваць дарожную карту, укараніць сумесныя праекты мае намер Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Юзаф Мігаш.
– Таксама хочам аднавіць культурныя адносіны, каб славацкія ансамблі прыязджалі да вас, праводзіць агульныя спартыўныя мерапрыемствы. Варта адзначыць і высокі ўзровень адукацыі ў вашых ВНУ, такіх як ВДМУ і Ветэрынарная акадэмія, – сказаў спадар Юзаф Мігаш. – Мы маем намер выкарыстоўваць наш патэнцыял на карысць дзвюх краін, стварыць добрыя ўмовы для росту нашых адносін.
На сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Ашокам Кумарам кіраўнік вобласці падкрэсліў, што Індыя – гэта краіна з багатай, старажытнай культурай і мастацтвам. Ён прапанаваў надаць асаблівую ўвагу ўзаемадзеянню ў сферы адукацыі, культуры, арганізаваць студэнцкія візіты.
– Таксама нас цікавіць стварэнне новых кааперацыйных ланцужкоў па вытворчасці прадукцыі, у тым ліку фармацэўтычнай, да буйных вытворчасцей, – сказаў Аляксандр Субоцін.